Ратавальнікі Віцебшчыны занялі адразу 8 прызавых месцаў на рэспубліканскім конкурсе самадзейнай творчасці МНС
Шасцігадовая Каця Нікіціна з Віцебска яшчэ не скончыла
свой выступ, а ў журы ўжо практычна не было сумневаў у тым, што на сцэне —
пераможца ў намінацыі «Гумар і сатыра (дзеці)». Чароўная, свавольная дзяўчынка
неверагодна эмацыйна і таленавіта расказала ў замалёўцы «Хвіліна на вагу золата»,
як, выбіраючы будучую прафесію, прыйшла да таты-ратавальніка на працу, што там
убачыла і пачула. Нягледзячы на свой юны ўзрост, Каця так арганічна ўжывалася
ў вобраз і перадавала інтанацыі суразмоўцаў, што абсалютна скарыла строгую
судзейскую камісію і заваявала сімпатыі публікі.
Дзяўчынку не трэба было ўгаворваць паспрабаваць сілы ў конкурсе, яна любіць выступаць, займаецца ў розных творчых гуртках, так што да ідэі паўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці аднеслася з вялікім энтузіязмам і ахвотна ўключылася ў рэпетыцыйны працэс, расказаў яе бацька Сяргей Анатольевіч, галоўны спецыяліст арганізацыйна-аналітычнага аддзела абласнога ўпраўлення МНС. Поспех прыйшоў адразу: на рэгіянальным этапе малышка заняла першае месца. Але каб годна прадставіць Віцебшчыну ў фінале, Каці давялося рыхтаваць новы нумар.
— Тэкст вучылі разам з мамай. Вялікі памер гумарыстычнай замалёўкі дачку не збянтэжыў: у яе вельмі добрая памяць, — растлумачыў Сяргей Нікіцін. — На першай рэпетыцыі Каця спачатку саромелася, але ўжо хвілін праз 15 хваляванне прайшло. І цяпер яна нават кажа, што цікавей выступаць, калі шмат публікі ў зале.
На рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу, які адбыўся ў лістападзе, акрамя пераможнага нумара Кацярыны, высокую ацэнку заслужылі і іншыя выступленні прыдзвінскіх работнікаў МНС і членаў іх сем'яў. Так, у намінацыях «Хареаграфія» і «Песня пра гераізм прафесіі ратавальнікаў-пажарных» другія месцы заваявалі і дарослыя, і дзеці. На такой жа страчцы выніковага пратакола апынуўся вакальны ансамбль, які выканаў марш МНС,
і дзіцячы дуэт чашніцкіх піяністак з інструментальнай кампазіцыяй «Месяцавая дарожка». А кіроўца ПАСА-1 Наваполацкага ГРАС Максім Васілеўскі з фельетонам «Паход на пасеку» стаў трэцім у намінацыі «Гумар і сатыра (дарослыя)».— Віцебскае абласное упраўленне ў апошнія пяць гадоў паспяхова ўдзельнічае ў аглядзе-конкурсе, — падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы абласнога УМНС Аляксей Белашыцкі. — Па агульнай колькасці прызавых месцаў мы аказваемся наперадзе. Заўсёды нацэлены на гэта, у нас дух пераможцаў, у характары закладзено імкненне дасягнуць максімальнага выніку.
На думку Аляксея Пятровіча, важным кампанентам поспеху з'яўляецца добры маральна-псіхалагічны клімат у калектыве. Людзі адзін аднаго падтрымліваюць, нешта падказваюць, прыслухоўваюцца да карысных парад незалежна ад пасад і званняў. Акрамя таго, рыхтаваць творчыя нумары ратавальнікам дапамагаюць работнікі ўстаноў культуры.
— Нашы прызёры — гэта энтузіясты, якія пасля службы, не лічачыся з часам, займаюцца справай, якая ім падабаецца, творча развіваючыся і прапагандуючы сваю прафесію, — адзначае Аляксей Белашыцкі.
Аляксей Пятровіч і сам не толькі вырашае арганізацыйныя пытанні, але з 2007 года таксама з'яўляецца ўдзельнікам конкурсаў мастацкай самадзейнасці і канцэртаў. Такое захапленне невыпадкова: ска́залася і тое, што ў сям'і заўсёды любілі і ўмелі спяваць, і навучанне ў музычнай школе па класе баяна. Затым, калі паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут, граў у духавым аркестры — пры гэтым давялося асвойваць новыя інструменты, але нічога, справіўся. Аляксей Белашыцкі не пакінуў творчасць і пазней, з кожным годам выступаючы ўсё паспяховей. Сёння, напрыклад, стаў прызёрам у намінацыі «Песня пра гераіку прафесіі ратавальнікаў-пажарных» у складзе вакальнага ансамбля, куды таксама ўвайшлі Аляксандр Шашкоў (Лёзненскі РАНС), Дзяніс Дубянок (Віцебскі РАНС) і Аляксандр Падвіцельскі (Россонскі РАНС).
— Узровень рэспубліканскага агляду-конкурсу вельмі высокі. Самая актыўная фаза падрыхтоўкі да яго доўжылася з 9 па 17 лістапада, мы рэпеціравалі да 11 вечара, а часам і да паўночы, — узгадвае Аляксей
Пятровіч. — Усе дэбютанты, якія далучыліся да нас сёлета, былі ўражаны тым, наколькі сур'ёзна мы рыхтуемся да выступленняў. Цешыць, што такіх неабыякавых людзей у МНС сёння шмат. Калі мы звязваемся з тымі, хто перамог на абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці, прапануем паехаць на рэспубліку ці паўдзельнічаць у канцэрце, адмоваў звычайна не бывае. І прымушаць нікога не трэба.Выратавальнікі — людзі рознабаковыя. Хтосьці, апроч асноўнай дзейнасці, паспяхова займаецца спортам, хтосьці спявае ці грае на музычных інструментах. Проста выконваць свае службовыя абавязкі недастаткова, работнік МНС павінен быць грамадска актыўным, спартыўным, прыўносіць нешта станоўчае ў жыццё горада, раёна, вобласці.
Лія Іўчанка, «Віцебскія весці». Фота прадастаўлена абласным УМНС.