Спецыялістаў па камп'ютарнай мехатроніцы і трохмерных тэхналогіях будуць рыхтаваць у Віцебску
Гэтыя спецыяльнасці з'явіліся на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. У прыватнасці, абвешчаны набор на спецыяльнасць "вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій". За 4,5 года тут падрыхтуюць кваліфікаваных інжынераў, якія змогуць рэалізаваць свае веды і ўменні ў канструктарскай, тэхналагічнай і інжынірынгавай дзейнасці, звязанай з прымяненнем сучасных адытыўных тэхналогій. Асноўнымі прафесійнымі задачамі такіх спецыялістаў з'яўляецца распрацоўка і аналіз камп'ютарных 3D-мадэлей дэталяў і вузлоў, іх выраб з прымяненнем тэхналогій 3D-сканавання і 3D-друку, а таксама распрацоўка і аптымізацыя канструкцыі прылад для трохмернага друку.
"Улічваючы імклівае развіццё адытыўных тэхналогій, выпускнікі дадзенай спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў машынабудаванні і прыборабудаванні, будаўніцтве, архітэктуры і дызайне, што пацвярджаецца заяўкамі ад арганізацый і прадпрыемстваў", - адзначыў Усевалад Сюбараў.
Для забеспячэння якаснага навучальнага працэсу падрыхтавана сучасная матэрыяльная база: у гэтым годзе ва ўніверсітэце адкрыта вучэбна-вытворчая лабараторыя "Цэнтр адытыўных тэхналогій", аснашчаная 3D-прынтарамі і 3D-сканерамі, а таксама ліцэнзійнымі сістэмамі аўтаматызаванага праектавання. Акрамя таго, у 2017 годзе ВДТУ адкрывае падрыхтоўку спецыялістаў на I ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях "камп'ютарная мехатроніка" (кваліфікацыя "інжынер", тэрмін навучання 4,5 года) і "тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый" (кваліфікацыя "інжынер-энергетык", тэрмін навучання 5 гадоў). На першай з гэтых спецыяльнасцей будуць рыхтаваць інжынераў для праектавання мехатронных, робататэхнічных і інфармацыйна-вымяральных прамысловых сістэм, а таксама распрацоўкі сенсорных, праграмных і апаратных сродкаў аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў у розных галінах прамысловасці, уключаючы машынабудаванне, лёгкую,харчовую, паліграфічную, дрэваапрацоўчую. Па другой спецыяльнасці будзе праводзіцца падрыхтоўка інжынераў-энергетыкаў для арганізацый і прадпрыемстваў. Будучыя выпускнікі навучацца выконваць работы па мантажы, рамонце і тэхнічным абслугоўванні энергасілавых аб'ектаў і установак, электра- і цеплатэхнічнага абсталявання, а таксама кіраванню тэхналагічнымі працэсамі, энергетычнымі падраздзяленнямі арганізацый, укараненню энергазберагальных тэхналогій і многаму іншаму.
"Як бачыце, усе тры новыя спецыяльнасці адпавядаюць курсу на эканоміку інавацый для Беларусі. Яны сучасныя і перспектыўныя. Так што мы запрашаем абітурыентаў паступаць, каб у будучыні стаць запатрабаванымі прафесіяналамі", - дадаў Усевалад Сюбараў. У цэлым ВНУ будзе весці падрыхтоўку па 19 спецыяльнасцях дзённай формы навучання на факультэтах дызайну, інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, вытворчых тэхналогій, эканомікі і бізнес-кіравання. А з улікам завочнай поўнай і скарочанай форм ВГТУ прапануе навучанне па 22 спецыяльнасцях. Агульны план прыёму складае 788 абітурыентаў, з іх 423 - на дзённай форме. "Гэты план прыёму прыкладна адпавядае ўзроўню мінулага года. Яго ўдалося захаваць якраз дзякуючы адкрыццю новых спецыяльнасцей. Між тым набор на платнае навучанне па эканамічных спецыяльнасцях прыйшлося скараціць", - заключыў суразмоўца.
Кацярына Князева - БЕЛТА.