Спецыялісты з чатырох краін абмяркуюць праблемы лячэння скурных захворванняў на канферэнцыі ў Віцебску
15 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 спецыялістаў з чатырох краін прымуць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Актуальныя пытанні дыягностыкі і лячэння сацыяльна значных дэрматозаў і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам", якая пройдзе 16-17 верасня ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры дэрматовенералогіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук прафесар Уладзімір Адаскевіч.
У абласным цэнтры збяруцца вядучыя дэрматовенералогі, уралогі і касметолагі навуковых і лячэбных устаноў, навучальных устаноў з Расіі, Украіны, Польшчы, а таксама з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адной з асноўных тэм канферэнцыі стануць пытанні дыягностыкі і лячэння дэрматозаў як найбольш распаўсюджаных і сацыяльна значных скурных захворванняў, якія выклікаюць паражэнні скуры і суставаў і здольныя прыводзіць да інваліднасці. У прыватнасці, спецыялісты абмяркуюць праблемы дыягностыкі цяжкіх формаў псарыязу, прымяненне новых і інавацыйных метадаў лячэння, у тым ліку з выкарыстаннем імунабіялагічных прэпаратаў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі таксама будуць пытанні прафілактыкі і лячэння шэрагу іншых дэрматозаў. Асобныя секцыі будуць прысвечаны разгляду актуальных праблем касметалогіі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку арганізацыі работы з групамі рызыкі па гэтых захворваннях.
На канферэнцыі прадугледжваецца абмеркаванне пытанняў лячэння найбольш рэдкіх дэрматалагічных захворванняў на аснове выпадкаў з практыкі навукоўцаў і ўрачоў лячэбных устаноў.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. -0-