Спецыялісты пяці краін абмяркуюць перадавыя тэхналогіі прадзіватворчай вытворчасці на сімпозіуме ў Віцебску
22 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Перадавыя тэхналогіі і абсталяванне, навуковыя і практычныя дасягненні ў галіне прадзельнай вытворчасці абмяркуюць удзельнікі міжнароднага навукова-практычнага сімпозіума, які пройдзе 23 сакавіка ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на кафедры прадзення натуральных і хімічных валокнаў віцебскай ВНУ.
Мерапрыемства, якое па такой тэматыцы арганізавана ўпершыню ў ВДТУ, прыцягнула ўвагу вядучых еўрапейскіх вытворцаў абсталявання з Германіі, Францыі і Швейцарыі, прадстаўнікоў больш як 20 беларускіх і расійскіх тэкстыльных прадпрыемстваў, а таксама навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў ВДТУ і беларускіх каледжаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў для лёгкай прамысловасці. Удзельнікі сімпозіума абмяняюцца інфармацыяй аб апошніх дасягненнях у галіне прадзельнай вытворчасці, абмяркуюць магчымыя варыянты ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
На сімпозіуме будуць прадстаўлены асноўныя тэндэнцыі і распрацоўкі абсталявання для баваўнянай і шарсцяной прадзельнай вытворчасці, тэхналогіі перапрацоўкі ільнянога валакна на баваўняным прадзельным абсталяванні. Прадстаўнікі замежных кампаній азнаёмяць удзельнікаў з пытаннямі ўкаранення сістэм менеджменту якасці пражы ў структурных падраздзяленнях тэкстыльнага прадпрыемства, а таксама з арганізацыяй сістэмы маніторынгу якасці пражы, тэхналогіямі эканамічнага фарбавання пражы пры захаванні яе найвышэйшай якасці. Вядучыя спецыялісты ВДТУ правядуць прэзентацыю новых тэхналагічных працэсаў, распрацаваных у ходзе тэхнічнага пераўзбраення беларускіх тэкстыльных прадпрыемстваў.
Актуальнасць тэматыкі сімпозіума звязана з тым, што прадзельная вытворчасць з'яўляецца своеасаблівым сэрцам любога прадпрыемства, якое вырабляе тканіны, бо якасць пражы напрамую ўплывае на якасць канчатковай прадукцыі. Так што ўдзел у сімпозіуме дасць магчымасць прадстаўнікам прадпрыемстваў азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі па прадзенні, абмяняцца думкамі і атрымаць кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі і ўкаранення перадавога абсталявання.-0-