Спецыялісты пяці краін абмяркуюць праблемы мастацкай адукацыі на канферэнцыі ў Віцебску
27 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пытанні мастацкай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення, актуальныя праблемы сучаснага мастацтвазнаўства будуць абмяркоўваць вучоныя і педагогі 5 краін на IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Свет мастацтва і дзеці: праблемы мастацкай педагогікі" у Віцебску. Канферэнцыя пройдзе 28-29 верасня на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца кафедры тэорыі музыкі і музычнага інструмента ВНУ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Нэлі Мацаберыдзэ.
У Віцебску збяруцца больш за 60 навуковых супрацоўнікаў, аспірантаў і педагогаў з Расіі, Латвіі, Кітая, Нідэрландаў, вядучых ВНУ і навуковых устаноў Беларусі. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць метадалагічныя праблемы мастацкай творчасці, пытанні гуманізацыі выкладання прадметаў мастацтва ў школе і ВНУ, адбудуцца дыскусіі на тэму "Свет дзяцінства ў сучаснай мастацкай прасторы".
Упершыню на традыцыйным форуме будзе ўзнята праблема дзіцячай мастацкай творчасці і інфармацыйных тэхналогій. Вядучыя спецыялісты выкажуць сваё бачанне праблем інфарматызацыі сферы музычнай адукацыі, ролі сучаснай экраннай культуры ў выхаваўчым працэсе, а таксама па шэрагу іншых пытанняў, звязаных з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у навучальным працэсе. "Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё больш актыўна ўваходзяць у наша паўсядзённае жыццё, таму мы вырашылі прапанаваць удзельнікам форуму абмеркаваць, што дае нам гэтая інфармацыйнасць у свеце жывой музыкі", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ.
У межах канферэнцыі пройдуць майстар-класы "Візуалізацыя як спосаб навучання ўспрыманню энергіі музычнага твора", "Асновы спантаннай галасавой імпровізацыі". Вядомы галандскі музыказнавец і дырыжор Хоррынг Дзіркян правядзе майстар-клас сумесна з удзельнікамі жаночага студэнцкага хору ВДУ па рабоце над музычнымі творамі заходнееўрапейскага рэпертуару. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступяць узорны хор "Мара" віцебскай гімназіі №3, узорны духавы аркестр камендатуры Віцебскага гарнізона і мужчынскі хор Віцебскага дзяржуніверсітэта.
Арганізатарам канферэнцыі выступае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-