Спецыялісты рэкамендуюць правяраць дары лесу на ўтрыманне радыенуклідаў
22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грыбы абавязкова трэба падвяргаць радыялагічнаму кантролю, яны з'яўляюцца самым моцным назапашвальнікам радыенуклідаў, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У асобных відах грыбоў утрыманне цэзію-137 нават на адносна чыстай тэрыторыі (да 1 Кі/км2) перавышае дапушчальныя ўзроўні. Самыя небяспечныя па ступені назапашвання радыяцыі - горкавка, польскі грыб, маслёнак, грузд сапраўдны і чорны, ваўкава ножка ружовая, зелянка. Збор гэтых грыбоў дапускаецца толькі ў лясах з шчыльнасцю забруджвання глеб цэзіем-137 да 1 Кі/км2.
Слаба- і сярэдненакапляльныя радыёцезіевыя грыбы - лісічка сапраўдная, белы грыб, падасінавік, падбярозавік, радаўка. Збіраць іх можна ў лясах з шчыльнасцю забруджвання глеб цэзіем-137 да 2 Кі/км2.
Нарыхтоўка дзікарослых ягад і пладоў дапускаецца толькі ў лясах з шчыльнасцю забруджвання глеб цэзіем-137 да 2 Кі/км2. Інфармацыю аб радыяцыйнай абстаноўцы ў месцах меркаванага збору грыбоў і ягад можна атрымаць у лясгасах.
Усе сабраныя дары лесу павінны быць правераны на ўтрыманне радыенуклідаў. Гэта можна зрабіць у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, у лясгасах, дзе маюцца пасты радыяцыйнага кантролю, а таксама ў лабараторыях ветэрынарна-санітарнай экспертызы рынкаў.
Спецыялісты цэнтра папярэджваюць, што набыццё дзікарослых ягад і грыбоў у месцах несанкцыянаванага гандлю можа негатыўна адбіцца на здароўі чалавека. Большасць прадаўцоў, якія рэалізуюць гэту прадукцыю ўздоўж аўтастрад, як правіла, не правярае яе на радыеактыўнае забруджванне.-0-