Спецыялізаваная выстава-кірмаш «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця» пройдзе ў Віцебску 10-12 верасня

Ужо сёмы раз жыхары і госці горада змогуць пазнаёміцца з цэлым спектрам тавараў і паслуг, якія даступныя ў абласным цэнтры: прадукты для здаровага харчавання і іншыя тавары для ЗЛЖ, аздараўленчыя і рэабілітацыйныя паслугі спартыўных клубаў, турыстычных і санаторна-аздараўленчых арганізацый, распрацоўкі вучоных БДМУ. Наведвальнікі атрымаюць кансультатыўную дапамогу тэрапеўта, кардыёлага, анкалога, педыятра, гінеколага, акуліста, алерголага, стаматолага, касметолага, дэрматаўенералога, апітэрапеўта і іншых спецыялістаў. Традыцыйна будзе магчымасць вымераць артэрыяльны ціск, рост, вагу, вызначыць індэкс масы цела, узровень цукру ў крыві, вастрыню зроку.

У мерапрыемстве возьмуць удзел групы падтрымкі і валанцёры, творчыя калектывы, маладзёжныя і прафсаюзныя арганізацыі. Забаўляльная праграма з канцэртам, віктарынамі, гульнямі і розыгрышамі гарантуе добры настрой, які, не сакрэт, падаўжае жыццё.

Кацярына Князева, "Віцебскія весці"