Спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Беларусі будзе ўручана Валерыю Лявонцьеву
10 ліпеня, Віцебск /Кар.БЕЛТА/. Спецыяльная узнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення" будзе ўручана сёння на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця "Славянскага базару" Валерыю Лявонцьеву. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Віцебску міністр культуры Беларусі Павел Латушка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах міністра культуры, сёння ў Віцебску адбудзецца адкрыццё алеі лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. "Мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час гэтай узнагароды будуць удастоены і прадстаўнікі беларускай эстрады, мастацтва, якія ўнеслі значны ўклад у культуру славянскіх народаў", - сказаў ён.
Сёлета ў рамках фестывалю ў Віцебску адбудзецца ўнікальная выстава "Сто работ Марка Шагала". Гэтыя бясцэнныя афорты будуць падораны Беларусі маскоўскім незалежным дабрачынным фондам "Трыумф - новы век". Таксама ў Віцебску адбудзецца ўрачыстая перадача сямі копій карцін Ільі Рэпіна.
Павел Латушка адзначыў, што "Славянскі базар у Віцебску" з'яўляецца галоўным фестывальным святам краіны, а таксама адным з найбуйнейшых культурных праектаў у Еўропе. Ён асабліва падкрэсліў значнасць падтрымкі фестывалю Прэзідэнтам Беларусі. Міністр культуры таксама выказаў удзячнасць усім органам дзяржкіравання, віцебскім уладам, цэнтру культуры "Віцебск" і ў цэлым усім, хто ўдзельнічае ў арганізацыі фестывальных мерапрыемстваў. -0-