Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі за 2010 год папоўніўся амаль на 480 аб'ектаў

18 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі за 2010 год папоўніўся на 472 матэрыяльныя аб'екты, 6 нематэрыяльных і складае сёння 5382 аб'екты. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш на пасяджэнні падагульняючай калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гісторыка-культурная спадчына - аснова любога народа, якая умацоўвае сувязь паміж пакаленнямі, таму мы ўсімі сіламі павінны старацца зберагчы такія аб'екты", - падкрэсліў Віктар Кураш. У сувязі з гэтым ён адзначыў неабходнасць актывізацыі работы мясцовых улад па перадачы сядзіб і іншых аб'ектаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, інвестарам. "Перадача сядзіб - гэта не самамэта. Гэта магчымасць развіцця на іх базе турыстычных паслуг і разам з гэтым захавання гэтых аб'ектаў", - падкрэсліў намеснік міністра. Віктар Кураш закрануў і пытанне дзейнасці спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У цяперашні час такая стаўка ўводзіцца толькі ў раёнах, дзе налічваецца больш за 50 аб'ектаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Каб не пакідаць па-за ўвагай рэгіёны, у якіх іх налічваецца менш, намеснік міністра прапанаваў уводзіць такую пасаду для курыравання трох-чатырох раёнаў. Яшчэ адным вострым пытаннем па гэтай тэме стала абмеркаванне якасці работы спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. "У дакументах, якія прадстаўляюцца ў міністэрства, сустракаецца шмат недакладнасцей, памылак у напісанні прозвішчаў уладальнікаў аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, іх адрасоў і іншых даных", - канстатаваў Віктар Кураш, дадаўшы, што такім "работникам варта павышаць узровень сваёй дзейнасці".-0-