Спіс музейных каштоўнасцей Беларусі можа быць створаны да 2013 года

12 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спіс музейных каштоўнасцей Беларусі можа быць створаны да 2013 года, такую думку сёння на пасяджэнні калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама выказаў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў намеснік міністра, праца над стварэннем дзяржаўнага музейнага каталога не завершыцца ў 2010 годзе. Для яго стварэння неабходна добрая тэхнічная база - магутныя камп'ютары, удасканаленая праграма. Напрыклад, у Расіі праца над дзяржаўным музейным каталогам вядзецца ўжо 15 гадоў. І, на думку экспертаў, наўрад ці варта казаць, што гэта будзе дакумент строгай справаздачнасці, хутчэй гэта будзе электронная база даных. У Беларусі таксама магчыма ў бліжэйшы час стварыць электронную базу даных самых каштоўных музейных экспанатаў, лічыць Віктар Кураш. "Неабходна, каб з дапамогай Інтэрнета кожны ахвотны мог пазнаёміцца ў любой кропцы свету з скарбніцай Беларусі, каб захацець усё ўбачыць на свае вочы, прыехаўшы ў нашу краіну", - сказаў ён. Стварэнне поўнага спісу музейных каштоўнасцей Беларусі магчыма ўжо ў 2013 годзе. Міністэрства культуры асведамлена аб праблемах, якія ўзнікаюць у музеяў пры стварэнні электронных баз даных, і сумесна з распрацоўшчыкамі дапрацоўвае праграмны прадукт. У Віцебскай вобласці працуюць 27 музеяў і 25 філіялаў музеяў. У іх знаходзіцца 530 тыс. адзінак захоўвання, у электронны каталог унесена толькі 12%. -0-