Спартыўна-аздараўленчы цэнтр адкрыўся на базе Віцебскага дзяржмедуніверсітэта

У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адкрыўся фітнес-клуб Fortius для выкладчыкаў і студэнтаў.

Новы аб'ект інфраструктуры ВНУ размяшчаецца ў будынку студэнцкага інтэрната №5. Спартыўна-аздараўленчы цэнтр уключае ў сябе два сучасныя залы – трэнажорны і для заняткаў фітнесам.

Памяшканні абсталяваны найноўшым якасным спартыўным абсталяваннем, а таксама магутнай сістэмай кандыцыянавання, што дазволіць зрабіць трэніроўкі максімальна камфортнымі.

Спектр напрамкаў, прадстаўленых у клубе Fortius, дастаткова шырокі: ад аздараўленчай аэробiкi, стрэтчынгу і джамфіта, да тай-бо, жаночай самаабароны, бодзібілдынгу і кросфіта. Заняткі бясплатныя для супрацоўнікаў і студэнтаў ВДМУ, для зручнасці наведвальнікаў будзе працаваць аздараўленчы цэнтр з 8 раніцы і да 9 вечара.

"Віцебскія весці".