Спартыўныя лядовыя комплексы ў 2010 годзе з'явяцца ў трох малых гарадах Віцебскай вобласці
28 лістапада, Орша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спартыўныя лядовыя комплексы ў 2010 годзе з'явяцца ў Глыбокім, Навалукомлі і Лепелі. Аб гэтых планах паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Ён прымаў удзел у рабоце штаба па будаўніцтве Лядовай арэны ў Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Будаўніцтва падобных спартыўна-забаўляльных комплексаў апраўдана, лічыць Аляксандр Косінец. "Неабходна развіваць масавы спорт і фізічную культуру, адцягваць моладзь ад шкодных звычак, прывіваць культуру здаровага ладу жыцця", - падкрэсліў кіраўнік.
На думку губернатара, у вобласці недастаткова аб'ектаў спартыўнай інфраструктуры. За апошнія 15 гадоў узведзены толькі Лядовы палац і Цэнтральны спартыўны комплекс у Віцебску. Жыхары раённых цэнтраў і малых гарадоў адчуваюць недахоп у аб'ектах спартыўнай інфраструктуры. Для заняткаў фізічнай культурай ёсць толькі спартыўныя залы школ. Па словах Аляксандра Косінца, на працягу бліжэйшых пяці гадоў неабходна пабудаваць 11 спартыўна-аздараўленчых комплексаў у райцэнтрах і малых гарадах. Акрамя таго, дваровыя пляцоўкі мікрараёнаў масавай забудовы ва ўсіх гарадах рэгіёна павінны быць падрыхтаваны для аматарскіх заняткаў спортам.
Будаўніцтва спартыўна-забаўляльнага комплексу ў Оршы пачалося ў кастрычніку бягучага года. Палац будзе ўяўляць сабой аб'яднаныя цыліндр і эліпсападобны двухпавярховы стылабат. У іх размесцяцца спартыўная арэна і трыбуны на 3,5 тыс. гледачоў, спартыўныя і трэніровачныя залы, сауна, боўлінг, більярд, зала харэаграфіі, прэс-цэнтр. Акрамя спартыўных спаборніцтваў, тут можна будзе праводзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Плошча забудовы складае 12,1 тыс. кв.м, праектны кошт у цэнах 2006 года - больш за Br78 млрд. Фінансаванне работ вядзецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту і Беларускай чыгункі. Завяршэнне будаўніцтва запланавана на сярэдзіну 2011 года.-0-