Спартыўнае свята ветэранскіх арганізацый сабрала ў Віцебску актыўных пажылых людзей
У спартыўнай зале Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта сабралася каля 100 удзельнікаў. Нягледзячы на тое, што ўсім ім далёка за 55, яны дэманстравалі неардынарную сілу і цягавітасць. За званне лепшай змагаліся восем каманд. Пенсіянеры спаборнічалі ў падняцці гіры, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, боўлінгу і на баскетбольнай пляцоўцы. Таксама арганізатары падрыхтавалі жартаўлівую эстафету, падчас якой гледачы больш смяяліся, чым перажывалі за поспехі спартсменаў.
— Падобныя спаборніцтвы мы правялі ўпершыню, — сказаў дырэктар гарадскога фізкультурна-спартыўнага клуба «Віцебск» Ігар Парэмскі. — Парадавалі вялікая цікавасць з боку пажылых людзей і напал барацьбы.
На цырымоніі адкрыцця свята прысутнічалі прадстаўнікі абласной і гарадской ветэранскай арганізацыі, улады.
— Вы — прыклад для моладзі, — падкрэсліў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белявіч. — Ваша актыўнасць і даўгалецце даказваюць, што здаровы лад жыцця — аснова асабістага дабрабыту.