Спартыўным аб'ектам у Віцебскай вобласці плануецца прысвойваць імёны выдатных спартсменаў рэгіёна
13 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Імёны выдатных спартсменаў - ураджэнцаў Віцебскай вобласці плануецца прысвойваць значным спартыўным аб'ектам, якія будуць узводзіцца на тэрыторыі вобласці або адкрывацца пасля мадэрнізацыі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, выканаўчы дырэктар прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці Віктар Бынькоў.
Гэтая ідэя знайшла падтрымку аблвыканкама і прадстаўнікоў спартыўнай грамадскасці, а першым аб'ектам, на якім яна будзе рэалізавана, стане абноўленая зала бокса ў цэнтральным спартыўным комплексе абласнога цэнтра. Гэты аб'ект будзе насіць імя знакамітага віцебскага баксёра, алімпійскага чэмпіёна Вячаслава Яноўскага. У бліжэйшы час плануецца адкрыццё залы бокса пасля капітальнага рамонту. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле абласнога прадстаўніцтва НАК пры афармленні залы будзе выкарыстана інфармацыя, прысвечаная праслаўленаму віцебскаму спартсмену. "Гэта надасць дадатковы маральны стымул, па-асабліваму будзе дысцыплінаваць юных спартсменаў, якія займаюцца на такім аб'екце, бо немагчыма дрэнна трэніравацца ў зале імя Яноўскага", - упэўнены Віктар Бынькоў.
Магчыма, ужо ў бліжэйшай будучыні ў вобласці з'явіцца зала барацьбы імя Ігара Каныгіна або школа біятлона імя Святланы Парамыгінай, дадаў ён.
У апошнія гады ў вобласці рэалізавана некалькі цікавых праектаў па ўшанаванні імёнаў заслужаных людзей спорту, па папулярызацыі спартыўных дасягненняў ураджэнцаў вобласці. А ў бліжэйшы час будзе зроблены яшчэ адзін значны крок у гэтым напрамку - ушанаванне імёнаў трэнераў, якія выхавалі са звычайных віцебскіх дзяўчат і хлапчукоў прызёраў Алімпійскіх гульняў. "Сёння ўжо гатовы праект па мадэрнізацыі Алеі алімпійскай славы Віцебшчыны, які прадугледжвае стварэнне памятнага знака з імёнамі нашых праслаўленых трэнераў", - сказаў Віктар Бынькоў. Памятны знак будзе выкананы ў выглядзе спартыўнага кубка, па сценках якога на спецыяльных таблічках будуць размешчаны імёны трэнераў. Акрамя таго, мадэрнізацыя алеі прадугледжвае насычэнне прасторавага комплексу разнастайнай інфармацыяй аб спартсменах і развіцці спорту на Віцебшчыне. Праект плануецца рэалізаваць да канца бягучага года.-0-