Спартсменкі з чатырох краін удзельнічаюць у турніры па спартыўнай гімнастыцы памяці Тамары Лазаковіч у Віцебску
8 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Спартсменкі з чатырох краін будуць аспрэчваць галоўныя ўзнагароды адкрытага рэспубліканскага турніру па спартыўнай гімнастыцы памяці алімпійскай чэмпіёнкі Тамары Лазаковіч, які пачынаецца сёння ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар ДЮСШ па спартыўнай гімнастыцы Дзмітрый Хрушч.
Майстарскі турнір, які праводзіцца з 1995 года, сабраў у абласным цэнтры 30 перспектыўных гімнастак з Беларусі, Расіі, Украіны і Узбекістана, у тым ліку ў складзе каманд члены нацыянальных зборных, а самай юнай удзельніцы ўсяго 11 гадоў. У першы дзень спартсменкі пазмагаюцца ў мнагабор'і (брусы, бервяно, апорны скачок і вольныя практыкаванні). Па выніках выступлення ў гэтым відзе праграмы будуць вызначаны фіналісткі ў кожным практыкаванні, якія ў далейшым працягнуць барацьбу за галоўны прыз спаборніцтваў у мнагабор'і, а таксама за перамогу на асобных снарадах.
Абсалютная чэмпіёнка турніру будзе ўзнагароджана за перамогу ў мнагабор'і спецыяльным прызам ад арганізатараў, а таксама разам з прызёрамі па асобных відах практыкаванняў атрымае арыгінальны медаль, дыплом і каштоўны прыз. Цырымоніі ўзнагароджання і закрыцця спаборніцтваў пройдуць 10 снежня.
Арганізатарамі турніру выступаюць упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама і ДЮСШ па спартыўнай гімнастыцы.-0-