Спартсмены з пяці краін возьмуць удзел у турніры па вольнай барацьбе ў Оршы
29 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова – БЕЛТА/. Міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы Сяргея Кітаева пройдзе ў Оршы 3-4 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме Аршанскага гарвыканкама Алег Казлоў.
Удзел у спаборніцтвах прымуць звыш 100 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, ЗША. Чакаюцца таксама прадстаўнікі Германіі. На працягу двух дзён юнакі 1993-1995 года нараджэння, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у сваёй спартыўнай кар'еры, будуць аспрэчваць званне наймацнейшых у 10 вагавых катэгорыях па кругавой сістэме. Узнагароджанне пераможцаў турніру і іх трэнераў адбудзецца 4 ліпеня. Ім будуць уручаны дыпломы, медалі і прызы.
Арганізатарам мерапрыемства выступае Аршанскі гарвыканкам.-0-