Спартсмены Украіны і Расіі возьмуць удзел у адкрытым чэмпіянаце Беларусі па парашутным спорце ў Віцебску
24 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 80 спартсменаў-парашутыстаў трох краін прымуць удзел у 18-м адкрытым чэмпіянаце Беларусі па класічным парашутызме 27-30 жніўня ў Віцебску. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА камандзір звяна парашутнай падрыхтоўкі вучэбна-спартыўнай установы "Віцебскі аэраклуб імя А.Гараўца" ДТСААФ Васіль Стратовіч.
Да наймацнейшых айчынных майстроў экстрэмальнага віду спорту далучацца парашутысты з Расіі і Украіны, якія будуць аспрэчваць узнагароды ў асабістым заліку. Усяго для ўдзелу ў першынстве падалі заяўкі 15 каманд з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку каманды Міністэрства абароны, ВПС і СПА, а таксама 103-й асобнай мабільнай брыгады, якая дыслацыруецца ў Віцебску.
У праграме спаборніцтваў выкананне двух практыкаванняў - скачок на дакладнасць прызямлення і адзіночны акрабатычны скачок. Спачатку ўдзельнікі будуць вызначаць самага дакладнага парашутыста: пасля пакідання самалёта Ан-2 на вышыні 1 тыс. м неабходна пры прызямленні трапіць у дыск дыяметрам 2 см, за адхіленне ад мэты налічваюцца штрафныя балы. Акрабатычны скачок здзяйсняецца з вышыні 2,2 тыс. м з 30-секунднай затрымкай раскрыцця парашута. За гэты час удзельнік павінен выканаць комплекс фігур, у тым ліку развароты на 360 градусаў і сальта. Суддзі ацэньваюць хуткасць і чысціню выканання акрабатычнага комплексу.
Пераможцы і прызёры ў асабістым і камандным заліках будуць узнагароджаны кубкамі і медалямі. Спаборніцтвы пройдуць на базе Віцебскага аэраклуба імя А.Гараўца.-0-