Спартсмены Віцебшчыны робяць стаўкі на перамогу ў некалькіх дысцыплінах на Еўрагульнях-2019

У чым асаблівасць маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў у Беларусі і якія шансы спартсменаў Віцебшчыны заваяваць медалі на іх, «Віцебскія весці» даведаліся ў начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіля Захарэвіча.

Еўрапейскія гульні — свежы праект у духу Алімпіяды. Ён з'явіўся для таго, каб разнастаіць спартыўнае жыццё Старога Свету паміж стартамі чатырохгоддзя. У іншых частках свету падобныя мерапрыемствы ўжо існуюць.

Так, Азіяцкія і Панамерыканскія гульні праводзяцца з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Крыху пазней з'явіліся Усяафрыканскія гульні, Міжземнаморскія, Панарабскія, Ціхаакіянскія, Баліварыянскія, Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Увогуле, кожны рэгіён імкнецца стварыць свае алімпійскія аналагі, і Еўропа не выключэнне. Праўда, рэалізаваць задуманае нашай частцы свету ўдалося толькі ў 2015 годзе ў Азербайджане.

На Еўрапеядзе былі прадстаўлены 20 відаў спорту, у якіх разыгралі звыш 250 камплектаў медалёў. Прычым некаторыя з іх (пляжны футбол, стрытбол, каратэ і самба) ніколі не былі алімпійскімі. А іншыя, з'яўляючыся такімі, наадварот, не трапілі ў праграму (акадэмічная грэбля, гандбол, цяжкая атлетыка, конны і парусны спорт, сучаснае пяціборства, тэніс, футбол і хакей на траве).

— Якіх вынікаў дамагліся спартсмены Віцебшчыны ў Азербайджане?

— Усяго беларусы на I Еўрапейскіх гульнях заваявалі 43 узнагароды: 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя. Гэта сёмы паказчык з 50 дзяржаў. Вынік годны.

Члены нашай зборнай удастоіліся ўзнагарод у 12 відах спорту: самба — 7 медалёў, мастацкай гімнастыцы — 6, веславанні на байдарках і каноэ — 5, кулявой стральбе — 4, вольнай — 5 і грэка-рымскай барацьбе — 3, скачках на батуце — 3, спартыўнай акрабатыцы — 3, шашэйных велагонках — 2, стральбе з лука — 2, боксе — 1, настольным тэнісе — 1, плаванні — 1.

Сярод прадстаўнікоў Віцебшчыны пераможцамі і прызёрамі сталі самбіст Сцяпан Попаў (1-е месца ў вагавой катэгорыі да 74 кг), батутысты Уладзіслаў Ганчароў (2-е месца ў індывідуальных і сінхронных скачках), Ганна Гарчонак (3-е месца ў індывідуальных і 4-е ў сінхронных скачках) і Мікалай Казак (2-е месца ў сінхронных скачках). Заліковыя ачкі ў скарбонку зборнай прынеслі дзюдаіст Дзмітрый Шэршань (7-е месца ў вагавой катэгорыі да 66 кг), плывец Антон Пракопаў (7-е месца ў комплекснай эстафеце 4х100 м), таэквандыст Ілья Какшэнцаў (7-е месца ў вагавой катэгорыі да 58 кг).

Медальны залік I Еўрапейскіх гульняў

1. Расія
2. Азербайджан
3. Вялікабрытанія
4. Германія
5. Францыя
6. Італія
7. Беларусь
8. Украіна
9. Нідэрланды
10. Іспанія

— Наступныя Еўрагульні пройдуць у Беларусі. Гэта стане сур'ёзным выпрабаваннем для арганізатараў і нашых спартсменаў…

— Першапачаткова правядзенне Гульняў, прызначаных на 2019 год, было даверана Нідэрландам, але ім давялося адмовіцца: ініцыятыву не падтрымаў урад, адсутнічала фінансаванне. Сітуацыю выратавала Беларусь, пагадзіўшыся ў сціслыя тэрміны стварыць неабходныя для спаборніцтваў умовы. Як падкрэсліваюць арганізатары, будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб выканаць шэраг патрабаванняў.

Пры ўсёй разнастайнасці міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў нас, ніводнае з іх не можа параўнацца па маштабе з Еўрапейскімі гульнямі. У Мінску плануюць акрэдытаваць каля 11 тыс. членаў дэлегацый з 50 дзяржаў.


Прынцыповае адрозненне другіх Гульняў у тым, што Еўрапейскія алімпійскія камітэты падзеляць атрыманыя даходы з Беларуссю


Прынцыповае адрозненне другіх Гульняў ад першых у тым, што Еўрапейскія алімпійскія камітэты ў падзяку за згоду прыняць чарговыя старты вырашылі падзяліць атрыманыя даходы з Беларуссю. Што тычыцца нашых спартсменаў, то яны, натуральна, будуць старацца выступіць як мага лепш на роднай глебе.


Прадстаўнікі Віцебшчыны разлічваюць заняць высокія месцы ў некалькіх дысцыплінах


Да прыкладу, прадстаўнікі Віцебшчыны разлічваюць заняць самыя высокія месцы ў такіх дысцыплінах, як скачкі на батуце, пляжны футбол, самба, лёгкая атлетыка, дзюдо, каратэ, грэка-рымская барацьба, веласіпедны спорт. Цяпер яны актыўна трэніруюцца, каб парадаваць заўзятараў.

"Віцебскія весці".