Спартсмены Віцебскай вобласці прымуць удзел у 10 відах спорту на Еўрагульнях – 2019 у Мінску

Спартоўцы Віцебскай вобласці рыхтуюцца ўдзельнічаць у дзесяці відах спорту на ІІ Еўрапейскіх гульнях у 2019 годзе. Пра гэта vitvesti.by паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.

У Мінск прыедуць звыш 4 тыс. спартоўцаў з 50 краін. На маштабным форуме, які пройдзе з 21 па 30 чэрвеня, будзе разыграна 185 камплектаў узнагарод у 23 дысцыплінах па 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 8 з іх стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа, а турніры па боксе і джыу-джытсу адбудуцца ў рангу чэмпіянатаў Еўропы. За ўзнагароды паборваюцца прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку Віцебшчыны. Яны прайшлі жорсткі адбор і маюць усе шансы ўзысці на п'едэстал.

— Кандыдаты выбраны з улікам дасягнутых імі вынікаў на міжнародных спаборніцтвах і рэйтынгаў і зацверджаны загадам Міністэрства спорту. Аднак варта ўлічыць, што да старту Еўрагульняў яшчэ ёсць час, таму ў складзе спартоўцаў-кандыдатаў магчымы змены, — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Пётр Нямянёнак. — На сённяшні дзень ад нашай вобласці ў спіс спартоўцаў-кандыдатаў на еўрапейскія старты ўключаны 34 спартоўцы ў дзесяці відах спорту (баскетбол, грэка-рымская барацьба, лёгкая атлетыка, скачкі на батуце, джыу-джытсу, каратэ, веласіпедны спорт і інш.).

"Віцебскія весці". Фота з архіва газеты, носіць ілюстрацыйны характар.