Здольнасць ахвяраваць сабой дзеля іншых павінна стаць ідэалам у грамадстве - Патрыярх Кірыл

27 верасня, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Здольнасць ахвяраваць сабой дзеля іншых павінна стаць нацыянальным гонарам, ідэалам у грамадстве. Аб гэтым сказаў сёння ў сваёй пропаведзі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, звяртаючыся да прыхаджан у Свята-Крыжаўзвіжанскім храме Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў свята Узвіжання Святога і Жыццёвага Крыжа Гасподняга, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Бог ёсць любоў", - прывёў словы апостала Паўла Патрыярх і растлумачыў, што аддаць сябе, сына свайго на пакуты дзеля збавення свету, мог толькі той, хто любіць свет больш, чым сябе. "Толькі любоўю божай можа быць зразумела таямніца Крыжа", - сказаў ён. "Для нас гэта азначае, што збавенне - у любові. Не ў той любові, што паказваюць па тэлевізары, не ў буйстве пачуццяў, а ў той любові, якая накрепка злучае людзей, у той любові, праз якую адзін аддае сябе другому з радасцю, бо які любіць заўсёды гатовы прынесці сябе ў ахвяру дзеля любага", - пранікнёна дадаў Патрыярх. Ад такой любові сем'і становяцца мацнейшымі, а шлюбы шчаслівейшымі. "А калі грамадства пачынае будавацца на гэтых платформах, на законах, у якіх закладзена высокая маральнасць, калі дзяржава, школа, царква, інтэлігенцыя пачынаюць выхоўваць дзяцей у здольнасці аддаваць сябе іншаму, калі гэтая здольнасць становіцца нацыянальным гонарам, здабыткам, ідэалам, то і народ змяняецца. Бо кожны захоча быць падобным на гэты ідэал", - упэўнены Уладыка Кірыл. На яго думку, у сэрцы чалавечым неабходна выхоўваць дабро. "Той, хто мае зло ў сэрцы, знаходзіцца па-за божым законам. Зло ў сэрцы і вера несумяшчальныя", - цвёрда перакананы Кірыл. Быць добрымі, спагадлівымі заклікаў Патрыярх сваіх слухачоў. "Каб злучыцца з Богам, трэба быць на яго падобным", - сказаў ён. У сваёй пропаведзі Патрыярх таксама растлумачыў вернікам некаторыя палажэнні з паслання апостала Паўла да карынфян і растлумачыў, што праваслаўныя пакланяюцца крыжу не як прыладзе пакуты, а як ахвярніку, на якім боская ахвяра была прынесена за ўвесь род чалавечы. -0-