Праз 70 гадоў у каралях хрысціянскіх храмаў Віцебска зноў заззяла жамчужына - Свята-Уваскрасенская царква
10 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Боская літургія з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі гучыць сёння ў Віцебску ў адноўленай Свята-Уваскрасенскай царкве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праз 70 з лішнім гадоў у ажуры хрысціянскіх храмаў Віцебска зноў заззяла жамчужына - Уваскрасенская царква. Храм быў узведзены ў 1772 годзе ў традыцыях позняга барока. Вытанчанасць форм і ліній, багаты дэкор фасадаў будынка пакідалі незгладжальнае ўражанне на прыхаджан. Архітэктару, імя якога засталося невядомым, удалося такім чынам размясціць царкву, што яна арганічна ўпісалася на невялікім участку зямлі на вугле скрыжавання дзвюх вуліц. Уваскрасенскі храм быў адным з галоўных упрыгожанняў гістарычнай часткі Віцебска, але ў 1936 годзе яго разбурылі.
На званіцах храма 11 званоў. Такі набор званоў лічыцца вялікім. У яго ўваходзяць цяжкія званы - дабравесты, сярэднія - альтовыя, або падзвонныя, - і малыя - трэльныя, або, як іх называюць званары, цінькі (іх вага ўсяго 8 кг). Унутранае ўбранне храма па прыгажосці не саступае знешняму абліччу. Росьпіс выкананы мастакамі Віцебскай епархіі, прысвечана асноўным вехам у жыцці Ісуса: Нараджэнню, Хрышчэнню, Распяццю, Уваскрасенню, Узнясенню. Святыя твары выкананы ў тэхніцы і стылі XVI стагоддзя. Абразы для іканастаса напісаны майстрамі Маскоўскай патрыярхіі. Упрыгожаннем царквы стала панікадзіла - цэнтральны свяцільнік. Яго дыяметр складае амаль 3 м, а вага - 600 кг. Панікадзіла выраблена на сродкі мясцовага мецэната.-0-