Праз дзясяткі гадоў Заходняя Дзвіна зноў стане суднаходнай
19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праз дзясяткі гадоў Заходняя Дзвіна зноў стане суднаходнай. Работы па чыстцы і паглыбленні фарватэра пачаліся ў раёне Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Капітальнае будаўніцтва г.Віцебска" Міхаіл Мішка.
Тэндэр на правядзенне работ выйграла рэспубліканскае ўнітарнае эксплуатацыйна-будаўнічае прадпрыемства "Дняпро-Бугскі водны шлях" з Пінска. У адпаведнасці з праектам на працягу некалькіх кіламетраў ад моста Блохіна да парка імя Савецкай Арміі будзе вычышчана рэчышча і пабудавана пяць прычалаў. Усе работы плануецца завяршыць у бягучым годзе, але першыя тры прычалы з'явяцца ўжо да ліпеня. Кошт работ у бягучых цэнах складзе Br2,7 млрд.
Па паглыбленым фарватэры плануецца пусціць два цеплаходы, якія будуюцца ў Пінску. Такім чынам, жыхары горада і госці фестывалю "Славянскі базар" змогуць здзейсніць займальную прагулку і палюбавацца на гістарычную частку горада з воднай роўнядзі. -0-