Спадарожнікавыя навігацыйныя сістэмы будуць кантраляваць перавозкі пасажыраў у Лепелі і Глыбокім
4 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спадарожнікавыя навігацыйныя сістэмы ў 2010 годзе пачнуць кантраляваць перавозкі пасажыраў у Лепельскім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага аўтатранспартнага тэрытарыяльнага унітарнага прадпрыемства "Віцебскаблаўтатранс" Сяргей Залескі.
У адпаведнасці з праектам, які рэалізуецца Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі па выкарыстанні глабальных навігацыйных сістэм, бартавыя прылады для аснашчэння аўтобусаў у Лепелі і Глыбокім ужо набыты, у бліжэйшы час кантроль за рухам аўтатранспарту пачне ажыццяўляцца з дапамогай высокіх тэхналогій. Як адзначыў Сяргей Залескі, аўтаматызаваны кантроль і кіраванне рухам транспартных сродкаў павышае якасць абслугоўвання пасажыраў, спрыяе бяспецы перавозак, паляпшае тэхніка-эканамічныя паказчыкі работы транспарту. Навігацыйныя сістэмы дазваляюць аператыўна рэагаваць на збоі графіка руху, каардынаваць перавозкі.
У бягучым годзе працягнуцца работы па аснашчэнні спадарожнікавымі навігацыйнымі сістэмамі прыватных перавозчыкаў у Оршы, Наваполацку і Полацку. Дзяржаўныя аўтатранспартныя прадпрыемствы ў гэтых гарадах укаранілі сістэмы ў мінулым годзе, растлумачыў Сяргей Залескі. У Віцебску кантроль за перавозкамі таксама ажыццяўляецца з дапамогай глабальнай навігацыйнай сістэмы. Улічваючы павялічаную колькасць аўтапрадпрыемстваў і прыватных перавозчыкаў, якія выкарыстоўваюць глабальныя навігацыйныя сістэмы, "Віцебскаблаўтатранс" у бягучым годзе мае намер стварыць адзіны дыспетчарскі цэнтр, куды будзе сцякацца ўся інфармацыя аб руху аўтатранспарту ў вобласці, што дазволіць больш аператыўна кіраваць перавозкамі.
У Віцебскай вобласці перавозка пасажыраў ажыццяўляецца на больш чым 800 маршрутах. За 2009 год "Віцебскаблтраранс" перавёз больш за 970 млн. пасажыраў.-0-