Бітва на Бярэзіне 1812 года можа стаць асновай стварэння міжнароднага мемарыяльнага комплексу

13 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Бітва на рацэ Бярэзіне пад Барысавам можа стаць асновай стварэння міжнароднага мемарыяльнага комплексу памяці народаў Еўропы ў гонар 200-годдзя бітвы расійскіх і напалеонаўскіх армій. Аб гэтым паведаміў навуковы рэдактар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Мікалай Грачаў на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Беларусь у Айчыннай вайне 1812 года", якая праходзіць у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Бітва на Бярэзіне стала фактычна апошняй бітвай Айчыннай вайны 1812 года, у якой агульнае камандаванне французскай арміяй ажыццяўляў Напалеон. У ходзе бітвы страты напалеонаўскіх войскаў склалі каля 35 тыс. чалавек, пры гэтым фактычна ў іх складзе ваявалі прадстаўнікі многіх краін Еўропы, у тым ліку Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, Італіі і інш. "Сёння цікавасць да падзей амаль 200-гадовай даўнасці велізарная, таму стварэнне міжнароднага мемарыяльнага комплексу можа стаць значным праектам з высокім турыстычным патэнцыялам", - упэўнены Мікалай Грачаў. У цяперашні час распрацаваны эскізны праект, аднак пакуль работы вядуцца ў асноўным на энтузіязме краязнаўцаў. Папярэдне ідэя атрымала станоўчую ацэнку ў Міністэрстве культуры, пры гэтым для надання дынамікі ў яе рэалізацыі неабходна дзяржаўная падтрымка, у тым ліку дапамога можа быць аказана ў рамках Саюзнай дзяржавы, упэўнены Мікалай Грачаў. Праект мемарыяльнага комплексу памяці народаў Еўропы прадугледжвае стварэнне аб'ёмнай кампазіцыі ў выглядзе мемарыяльнага парку, які аб'яднае ўжо існуючыя і новыя мемарыяльныя аб'екты. Цяпер на месцы бітвы размешчаны помнік загінулым рускім егерам, узведзены ў 1912 годзе да 100-годдзя з дня перамогі ў Айчыннай вайне, мемарыяльная стэла ў памяць аб загінулых беларускіх партызанах у вайне 1812 года, а таксама помнік загінулым французскім салдатам, адкрыты ў 1992 годзе. Тут жа можа быць створана аб'ёмная ўваходная група ў выглядзе аркі і брамы, прапануецца размясціць калону, якую будзе вянчаць скульбтурная кампазіцыя. У цэнтральнай частцы будучага комплексу прадугледжваецца ўзвесці мемарыяльны пантэон памяці народаў Еўропы, на яго сценах будуць размешчаны схемы бітвы і іншая гістарычная інфармацыя, якая дапаможа ўсвядоміць важнасць і гістарычную значнасць падзей тых гадоў на рацэ Бярэзіне. Акрамя таго, у склад будучага мемарыяльнага комплексу могуць увайсці яшчэ шэраг існуючых аб'ектаў, у тым ліку ў Барысаве. Напрыклад, гэта могуць быць Свята-Уваскрасенскі сабор у гістарычнай частцы Барысава, пабудаваны ў 1912 годзе да 100-годдзя бітвы, а таксама Касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Бытча. Стварэнне міжнароднага мемарыяльнага комплексу на аснове бітвы на Бярэзіне павінна стаць адным з прыярытэтных напрамкаў падрыхтоўкі урачыстых мерапрыемстваў, звязаных з 200-й гадавінай выгнання напалеонаўскай арміі за межы Беларусі і пераможнага завяршэння Айчыннай вайны 1812 года, упэўнены Мікалай Грачаў. У міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Беларусь у Айчыннай вайне 1812 года", якая праходзіць 12-13 мая, прымаюць удзел вучоныя і спецыялісты навуковых цэнтраў Беларусі, Расіі, Чэхіі, Украіны, краін Балтыі. Удзельнікі форуму прааналізуюць падзеі вайны 1812 года, абмяняюцца думкамі па шырокім спектры праблем, звязаных з гістарычным значэннем, урокамі і геапалітычнымі наступствамі ваеннага канфлікту XIX стагоддзя. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Віцебская епархія Беларускага экзархата, Віцебскі філіял Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін ФПБ пры падтрымцы аблвыканкама.-0-