Бітва з робатам і стральба па злых птушках. Як у Віцебску прайшоў "Дзень чырвонага носа"
На плошчы Перамогі ў Віцебску 3 мая сабраліся сотні маленькіх гараджан, каб прыняць удзел у вясёлым свяце, прысвечаным Сусветнаму дню клаўнацерапіі – "Дню чырвонага носа".
Валанцёры абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа зрабілі ўсё магчымае, каб усмешак у гэты дзень было як мага больш. Дзеці, размаляваныя яркімі фарбамі і з абавязковай чырвонай плямкай на кончыку носа, змагаліся з дзіўнымі робатамі, стралялі ў "злых птушак", пускалі мыльныя бурбалкі, плялі бранзалеты і фатаграфаваліся з пацешнымі казачнымі персанажамі.
Узнагародай за актыўнасць дзеці атрымлівалі спецыяльныя штампікі на руку і беглі за падарункам – паветраным шарыкам.
Інтэрактыўныя забаўляльныя пляцоўкі і вясёлыя конкурсы з прызамі арганізавалі клоўны валанцёрскай групы "Доктар Небалей", маладзёжныя музычныя калектывы і акцёры тэатра "Лялька". Фокусы і шматлікія трукі, майстар-класы па жонгліраванні і бодзі-арту, паездкі на поні і конях – усё для маленькіх герояў дня.
Арганізатары патлумачылі: "Гэта не проста свята. Дзяцінства бывае адзін раз у жыцці, а таму мы хочам прыцягнуць увагу да праблем дзяцей. Менавіта таму паралельна ідзе збор грошай для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і з асаблівасцямі развіцця, якія сёння знаходзяцца ў сацыяльных установах".
Цікава, што жадаючых стаць валанцёрамі групы "Доктар Небалей" на Віцебшчыне вельмі шмат. Як сярод школьнікаў, студэнтаў, так і людзей старэйшага ўзросту. Бальнічныя клоўны працуюць у Віцебску ўжо каля пяці гадоў. Яны наведваюць бальнічныя палаты медыцынскіх устаноў горада і выязджаюць у дзіцячыя ўстановы ўсіх рэгіёнаў вобласці. Арт- і гульнявая тэрапія, а таксама клаўнада становяцца важным звяном у аказанні псіхалагічнай дапамогі і паскараюць працэс выздараўлення малышоў.
Алена Бегунова, СБ Беларусь Сегодня