Адразу 39 аб'ектаў нерухомасці былога ваеннага гарадка ў Полацкім раёне выкупіў адзін прадпрымальнік
5 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адразу 39 аб'ектаў былога ваеннага гарадка каля вёскі Струбкі Полацкага раёна выкупіў адзін з удзельнікаў аўкцыёну 2 кастрычніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць" Ларыса Шчаглова.
Пачатковы кошт за кожны з 39 аб'ектаў нерухомасці складаў адну базавую велічыню. абавязковай умовай продажу гэтых раней невыкарыстоўваных плошчаў з'яўлялася адкрыццё на іх вытворчай дзейнасці і новых працоўных месцаў.
Як нагадала Ларыса Шчаглова, у адпаведнасці з указам №108 на таргі з устанаўленнем пачатковага кошту продажу, роўнага адной базавай велічыні, могуць выстаўляцца аб'екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца больш за два гады, у тым ліку незавершаныя будаўніцтвам закансерваваныя і незакансерваваныя (акрамя размешчаных у абласным цэнтры). Прычым да выканання ўмоў дагавора куплі-продажу пакупніку забаронена праводзіць адчужэнне гэтай нерухомасці.
З пачатку бягучага года "Віцебскаблмаёмасць" прадало 91 аб'ект нерухомасці, у тым ліку 67 з устанаўленнем пачатковага кошту продажу, роўнага адной базавай велічыні. Агульная сума продажу склала Br1,4 млрд. У кастрычніку бягучага года фонд мае намер правесці 17 аўкцыёнаў па продажы 150 аб'ектаў нерухомасці на агульную суму больш Br10 млрд., у тым ліку на 36 аб'ектаў устаноўлены пачатковы кошт, роўны адной базавай велічыні.-0-