Сярод гандлёвых партнёраў Віцебшчыны лідзіруе Расія
Аб'ём знешняга гандлю таварамі арганізацый Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку 2013 года склаў 1 688,2 мільёна долараў (экспарт – 483,6 мільёна долараў, імпарт – 1 204,6 мільёна).
Вартасны аб'ём экспарту ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года з разліку ў бягучых цэнах знізіўся на 59,3 працэнта, або на 705,5 мільёна долараў, імпарту – на 27,9 працэнта, або на 465,2 мільёна.
З агульнага аб'ёму экспарту найбольшая частка прыйшлася на долю Расіі – 67,2 працэнта. На іншыя краіны СНД – 6,4 працэнта, дзяржавы ЕС – 18,6, астатнія – 7,8. Імпарт з Расійскай Федэрацыі дасягнуў 79,5 працэнта агульнага аб'ёму, іншых краін СНД – 1,9 працэнта, ЕС – 12,3, астатніх – 6,3. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Віцебшчыны ў студзені-сакавіку былі Расія (76 працэнтаў усяго тавараабароту), Германія (2,6), Кітай (2,5), Украіна (2,3), Латвія і Польшча (па 1,6).
Экспарт паслуг арганізацый вобласці за першыя тры месяцы 2013 года склаў 35,1 мільёна долараў, што ў 1,3 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2012-га, імпарт – 27,9 мільёна, або ў 1,2 раза больш. Сальда знешняга гандлю паслугамі склалася станоўчае ў памеры 7,2 мільёна долараў.
На краіны СНД прыйшлося 62,3 працэнта ад агульнага аб'ёму экспарту паслуг і 75,9 працэнта ад агульнага аб'ёму іх імпарту.
Сярод экспартаваных паслуг пераважалі транспартныя (63,4 працэнта), турыстычныя (9,6), будаўнічыя (7,4). Што тычыцца імпартаваных, тут найбольш запатрабаванымі апынуліся таксама будаўнічыя (57,4) і транспартныя (13,1), а акрамя іх – арэнда нерухомай маёмасці (11,3 працэнта).
Па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці падрыхтавала Лідзія ІЎЧАНКА «Віцебскі рабочы»