Сярэднявечныя рыцары зноў вяртаюцца ў Полацк

22 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сярэднявечныя рыцары зноў вяртаюцца ў Полацк. Фестываль сярэднявечнай культуры пройдзе ў старажытным горадзе 23-24 мая ў гонар 1147-й гадавіны з першага згадвання аб ім у летапісах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Полацкага гарвыканкама. Ля сцен Сафійскага сабора ажыве сярэднявечны горад з яго традыцыямі, рамёствамі, побытам, культурай. Як абяцаюць арганізатары, больш за 300 чалавек прымуць удзел у фестывалі. Да членаў беларускіх клубаў упершыню далучацца аматапы гістарычнай рэканструкцыі з Літвы. Рыцарам трэба будзе паказаць сваё майстэрства ў спаборніцтвах лучнікаў, турнірах баявога мастацтва. Захапляльным відовішчам стане бугурт - бой цалкам апранутых у даспехі рыцараў па сярэднявечных правілах. Прыгажуням будуць складаць песні менестрэлі "Старога Ольсы", а валадары агню пакажуць сваё мастацтва на конкурсе агнявых відовішчаў. Аднак галоўнай падзеяй фестывалю стане штурм Полацкага замка, запланаваны на 24 мая. Рэжысёры адмовіліся ад ідэі рэканструяваць канкрэтную гістарычную бітву і вырашылі, што зыход сутычкі вырашаць доблесць, адвага і воінская ўдача. Удзельнікам бою трэба будзе захапіць 22-метровы замак. У ход пойдуць абложныя прылады і артылерыя. Полацкі фестываль сярэднявечнай культуры атрымаў сваю назву ў гонар ваяўнічага клічу - "рубон", з якім старажытныя воіны ішлі ў атаку. Па некаторых крыніцах так называлі раку Заходняя Дзвіна.-0-