Сярэдняя контурнасць раллі ў Віцебскай вобласці да канца 2012 года ўзрасце да 20 га

23 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Акультурыванне глебаў і звядзенне хмызнякоў на сельскагаспадарчых угоддзях агульнай плошчай 100 тыс. га плануецца правесці ў 2011 годзе ў Віцебскай вобласці. Дэпутаты Віцебскага аблсавета сёння на пазачарговай сесіі зацвердзілі абласную праграму "Чыстыя палі" на наступны год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Неабходнасць правядзення гэтых работ абумоўлена выкананнем запланаваных аб'ёмаў вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, прагнозных паказчыкаў у АПК. У выніку рэалізацыі праграмы "Чыстыя палі" прадугледжваецца ў 2011 годзе павысіць прадукцыйнасць ворных земляў да 5,7 т кармавых адзінак з гектара. Укрупненне палёў і павелічэнне сярэдняга контуру земляў сельгазнашэння павялічаць прадукцыйнасць 1 га на 20-25%. З абласнога бюджэту на ажыццяўленне запланаваных мерапрыемстваў будзе накіравана Br25 млрд. Як паведаміў дэпутатам старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Догель, да 2009 года ў вобласці фактычна не праводзіліся работы па звядзенні хмызнякоў на сельгасугоддзях. Поўната гектара складала ўсяго 80%. У 2009-2010 гадах наведзены парадак і забяспечана 100-працэнтная поўната гектара на 92 тыс. га. Паводле даных на 1 студзеня бягучага года ў карыстанні сельгаспрадпрыемстваў знаходзіцца 1336 тыс. га сельгасугоддзяў, у тым ліку 776 тыс. га - ворных земляў. Сярэдні контур сельгасугоддзяў па вобласці складае 5,7 га, ворнага поля - 8,7 га. Рэалізацыя праграмы "Чыстыя палі" будзе працягнута ў 2012 годзе, што дазволіць да канца гэтага перыяду забяспечыць сярэднюю контурнасць ворных земляў 15-20 га. Павелічэнне контурнасці забяспечвае эканомію гаруча-змазачных матэрыялаў на 30%, скарачаецца расход насення, угнаенняў, сродкаў абароны раслін прыкладна на 10%. Акрамя таго, выкарыстанне хмызняковай расліннасці на вытворчасць паліўнай шчэпы дазваляе эканоміць энергетычныя рэсурсы на 15-20%. -0-