Тэрмін санацыі прадпрыемства "Вітэкс" прадоўжаны на месяц
6 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тэрмін санацыі камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "Вітэкс" прадоўжаны на адзін месяц, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА суддзя Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці Віктар Шыльчонак па выніках праведзенага сёння судовага пасяджэння.
Па яго словах, такое рашэнне дасць магчымасць рэалізаваць намечаныя на 2009 год мерапрыемствы па плане санацыі, якія прадугледжваюць рэалізацыю невыкарыстоўваемай маёмасці, вырашэнне пытанняў інвестыцыйнай падтрымкі прадпрыемства з боку ўласніка, якім выступае аблвыканкам, і прыняцце шэрагу іншых мер па фінансавым аздараўленні банкрута. Акрамя таго, упаўнаважаныя органы мясцовага кіравання павінны прыняць на баланс аб'екты інфраструктуры "Вітэкса".
Разам з тым папярэднія вынікі работы ў працэдуры аздараўлення паказваюць, што "Вітэкс" знаходзіцца ў цяжкім становішчы, застаецца стратным і не выконвае фінансава-эканамічныя паказчыкі плана санацыі. У такой сітуацыі Гаспадарчы суд палічыў магчымым прадоўжыць тэрмін санацыі толькі на месяц. Па выніках выканання заяўленых раней мерапрыемстваў антыкрызісным кіраўніком і ўласніка прадпрыемства будзе прымацца рашэнне аб магчымасці далейшага прадаўжэння працэдуры санацыі, дадаў Віктар Шыльчонак. Збор крэдытораў хадайнічаў аб прадаўжэнні тэрміну санацыі на 6 месяцаў, а антыкрызісны кіраўнік - на 1 год.
Справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) КУВП "Вітэкс" была ўзбуджана гаспадарчым судом у снежні 2007 года па ініцыятыве прадпрыемства. Па заканчэнні конкурснай вытворчасці прадпрыемства прызнана банкрутам з санацыяй, тэрмін санацыі ўстаноўлены 18 месяцаў - па лістапад 2009 года. Па стане на 20 кастрычніка 2009 года ў рэестр патрабаванняў крэдытораў уключана запазычанасць прадпрыемства на суму амаль Br2,4 млрд., з якіх больш за 70% прыпадае на доўг перад бюджэтам і фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.
Асноўным відам дзейнасці "Вітэкса" з'яўляецца вытворчасць гатовых тэкстыльных вырабаў, баваўняных і іншых тканін, трыкатажнага палатна, адзення. На прадпрыемстве працуюць каля 50 чалавек.-0-