Тэрмін санацыі «Вітэкса» можа быць прадоўжаны
30 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Збор крэдытораў КУВП "Вітэкс" прыняў рашэнне аб неабходнасці падаўжэння тэрміну санацыі прадпрыемства, які заканчваецца ў лістападзе 2009 года. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў суддзя Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці Віктар Шыльчонак па выніках наведвання банкрута камісіяй у складзе прадстаўнікоў ВХС, гаспадарчага суда вобласці, мясцовых органаў улады і пракуратуры.
Канчатковае рашэнне аб магчымасці падаўжэння тэрміну санацыі будзе прынята судом 6 лістапада з улікам меркавання збору крэдытораў і ўласніка прадпрыемства, якім выступае Віцебскі аблвыканкам.
Санацыя "Вітэкса" ўведзена ў маі 2008 года. Як паказваюць вынікі работы ў працэдуры аздараўлення, прадпрыемства застаецца стратным і не выконвае фінансава-эканамічныя паказчыкі плана санацыі, нягледзячы на намечаныя станоўчыя моманты ў яго дзейнасці. Для развіцця прадпрыемства і паляпшэння яго фінансавага стану антыкрызісным кіраўніком праведзена аптымізацыя вытворчасці. На балансе пакінуты будынкі махровага цэха і электрацэха, праведзена кансервацыя невыкарыстоўваемых будынкаў агульнай плошчай больш за 7,5 тыс. кв.м, а таксама выстаўлены на продаж аб'екты нерухомасці і маёмасць. За 2008-2009 гады "Вітэкс" пашырыў асартымент выпускаемай прадукцыі (дзіцячыя вырабы, пледы футравыя, дэкаратыўная тканіна). Праведзена работа па прасоўванні прадукцыі на ўнутраны рынак. Тым не менш, адзінай крыніцай сродкаў для нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці і тэхпераўзбраення па плане санацыі застаецца распродаж маёмасці прадпрыемства.
Асноўнай прычынай такога становішча спраў з'яўляецца фактычная адсутнасць інвестыцыйнай падтрымкі з боку ўласніка. Прадпрыемства застаецца адзін на адзін з праблемамі, якія назапашваліся гадамі. Акрамя таго, да гэтага часу не вырашаны пытанні аб перадачы аб'ектаў інфраструктуры "Вітэкса" на баланс упаўнаважаных органаў мясцовага самакіравання.
Справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) КУВП "Вітэкс" была ўзбуджана гаспадарчым судом у снежні 2007 года па ініцыятыве прадпрыемства. Пасля заканчэння конкурснай вытворчасці яно прызнана банкрутам з санацыяй, тэрмін санацыі - 18 месяцаў (па лістапад 2009 года). Па стане на 20 кастрычніка 2009 года ў рэестр патрабаванняў крэдытораў уключана запазычанасць прадпрыемства на суму амаль Br2,4 млрд., з якіх больш за 70% прыпадае на доўг перад бюджэтам і фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.
Асноўным відам дзейнасці "Вітэкса" з'яўляецца вытворчасць гатовых тэкстыльных вырабаў, баваўняных і іншых тканін, трыкатажнага палатна, адзення. На прадпрыемстве працуюць 50 чалавек.-0-