Тэрміны праверкі па справе аб масавай гібелі аленяў у Докшыцкім раёне зноў працягнуты

Тэрміны праверкі па справе аб масавай гібелі аленяў у Докшыцкім раёне зноў працягнуты, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА начальнік Докшыцкага райаддзела ўнутраных спраў Мар'ян Гігола.

Пракуратура Віцебскай вобласці працягнула тэрміны праверкі па справе аб масавай гібелі еўрапейскіх аленяў у Докшыцкім раёне да 3 сакавіка ў сувязі з тым, што не завершана экспертыза. Яе правядзеннем займаюцца ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Па словах Мар'яна Гіголы, толькі пасля заключэння спецыялістаў можна будзе гаварыць аб магчымым узбуджэнні крымінальнай або адміністрацыйнай справы.

Пакуль у праваахоўных органаў няма падстаў сцвярджаць, што алені былі атручаны. Найбольш верагоднай прычынай гібелі жывёл яны называюць няправільнае кармленне, перапад тэмператур і магчымае віруснае захворванне. Папярэдняя сума ўрону ацэньваецца ў Br76,4 млн.

Як паведамлялася раней, больш за 40 еўрапейскіх аленяў загінулі ў паляўнічай гаспадарцы БТРА Докшыцкага раёна ў канцы 2012 года. Мёртвых аленяў выявілі работнікі паляўнічай гаспадаркі. На месца здарэння адразу былі выкліканы супрацоўнікі міліцыі і міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

У цяперашні час у паляўнічай гаспадарцы ўтрымліваюцца каля 30 еўрапейскіх аленяў. Жывёлы знаходзяцца ў поўным парадку, іх здароўю нічога не пагражае, запэўнілі карэспандэнта БЕЛТА супрацоўнікі гаспадаркі.

БЕЛТА