С. Шухно прапануе прадаставіць прывілеі пры паступленні ў ВНУ пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы

31 кастрычніка, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы неабходна прадаставіць прывілеі пры паступленні на філалагічныя спецыяльнасці ў ВНУ Расіі і Беларусі. Такую думку выказаў сёння журналістам намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно. Ён прымаў удзел ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця 4-й алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэтая алімпіяда мае міжнародны статус, і ўжо прагучалі такія ініцыятывы, якія, спадзяюся, будуць падтрыманы Міністэрствам адукацыі Беларусі і Федэральным агенцтвам па навуцы і адукацыі Расійскай Федэрацыі", - сказаў Сяргей Шухно. Паводле яго слоў, з году ў год расце ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў і цікавасць расійскіх і беларускіх рэгіёнаў да алімпіяды. Наступная, 5-я алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў 2010 годзе ў Расійскай Федэрацыі. -0-