С.Сідорскі наведае 10 красавіка Віцебскую біяфабрыку
9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі адправіцца 10 красавіка з рабочай паездкай у Віцебскую вобласць, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Кіраўнік урада наведае ЧУП "Віцебская біяфабрыка" у пасёлку Доўжа Віцебскага раёна. Там будуць разгледжаны пытанні выканання даручэнняў урада па рэканструкцыі гэтага прадпрыемства.
Затым у Віцебскім аблвыканкаме адбудзецца нарада. На ёй будуць абмеркаваны прынцыпы фарміравання даходаў бюджэту рэгіёна на 2009 год.
Віцебская біяфабрыка ўключана ў дзяржаўную праграму развіцця вытворчасці ветпрэпаратаў. Для яе рэалізацыі распрацаваны бізнес-план пашырэння вытворчасці, разлічаны на 2006-2009 гады. Агульны аб'ём інвестыцый у праект ацэньваецца ў Br150 млрд. Прадпрыемства выпускае ветэрынарныя прэпараты: біяпрэпараты (вакцыны, сыроваткі, дыягнастыкумы) і фармакалагічныя прэпараты (антыбіётыкі, настойкі, кансерванты). Гэта адзінае прадпрыемства біялагічнай прамысловасці ў Беларусі. Вытворчасць была заснавана ў 1930-х гадах.-0-