С.Сідорскі сёння наведае Аршанскі льнокамбінат

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння здзейсніць рабочую паездку на РВУП "Аршанскі льнокамбінат", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Савета Міністраў. Кіраўнік беларускага ўрада азнаёміцца з ходам тэхнічнага перааснашчэння прадпрыемства. Таксама плануецца, што прэм'ер-міністр правядзе нараду па пытанні аб прымаемых мерах па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада аб павышэнні эфектыўнасці работы РВУП "Аршанскі льнокамбінат", праблемных пытаннях у дзейнасці прадпрыемства. На нарадзе будуць абмеркаваны прымаемыя канцэрнам "Беллегпрам" меры па выкананні названых даручэнняў, а таксама аб выкананні бізнес-плана развіцця Аршанскага льнокамбіната, асваенні новых відаў прадукцыі. У 2006 годзе з мэтай удасканалення работы льняной галіны ўрадам быў зацверджаны Комплексны план развіцця льняной галіны на 2006-2010 гады. Дакументам прадугледжаны тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя вытворчасці Аршанскага льнокамбіната для павелічэння аб'ёмаў вытворчасці і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, нарошчвання экспартных паставак. У сувязі з гэтым у 2007-2008 гадах яму была аказана дзяржпадтрымка ў суме Br53 млрд. У 2008 годзе на прадпрыемстве пачаты маштабныя работы па ўстаноўцы 258 адзінак новага абсталявання і мадэрнізацыі 123 адзінак дзеючага абсталявання. На сённяшні дзень у эксплуатацыю ўведзена абсталяванне на суму больш Br22 млрд. Завершаны мантаж і да канца года будзе ўведзены ў эксплуатацыю комплекс прадзельнага абсталявання, а таксама ткацкія станкі, прадзельныя і тканінасушыльныя машыны і іншае сучаснае абсталяванне на суму больш Br30 млрд. Гэта абсталяванне дазволіць выпускаць прадукцыю высокай якасці, пашырыць яе асартымент з адначасовым зніжэннем сабекошту. Разам з тым,льняная галіна краіны ў цяперашні час застаецца стратнай. На Аршанскім льнокамбінаце скарачаюцца аб'ёмы перапрацоўкі ільновалокна, зніжаецца эфектыўнасць работы прадпрыемства, назапашаны трохмесячныя складскія запасы. Аршанскі льнокамбінат - найбуйнейшае экспартаарыентаванае прадпрыемства тэкстыльнай галіны рэспублікі. Яно выпускае каля 2 тыс. відаў тканін. Вытворчыя магчымасці камбіната - 50 млн. кв. м льняной тканіны ў год. На прадпрыемстве працуе больш за 5 тыс. чалавек. -0-