Сталі вядомы імёны лаўрэатаў Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі за 2022 год

Напярэдадні навагодніх святаў сталі вядомы імёны лаўрэатаў Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі за 2022 год. Імі сталі пісьменнік з Оршы Канстанцін Нілаў і літаратар, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснава-Гусачэнка.

– Прэмія імя нашага знакамітага земляка, ураджэнца Ушаччыны, заснавана Віцебскім аблвыканкамам у 2012 годзе. За гэты час лаўрэатамі сталі 22 пісьменнікі і паэты, якія годна працягваюць слаўныя літаратурныя традыцыі Віцебшчыны. Тэматыка іх твораў закранае розныя бакі жыцця, але на чале стаіць любоў да роднага краю, яго гераічнага мінулага. Асабліва пранізліва гэта гучыць у Год гістарычнай памяці, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў на цырымоніі ўручэння ўзнагароды, якая прайшла ў абласной бібліятэцы імя У. Леніна.

Сёлета на прэмію былі намінаваны дзесяць аўтараў. Члены конкурснай камісіі выбралі двух, якія стварылі, на іх думку, значныя па змесце і годныя з мастацкага пункту гледжання творы.

Канстанцін Нілаў атрымаў узнагароду за аповесць «Копыская навэла», якая распавядае пра подзвіг удзельнікаў партыйна-камсамольскага падполля і партызанскага руху ў Копысі Аршанскага раёна. Кніга выйшла ў беларускім выдавецтве «Звязда». Як растлумачыў аўтар, дадзены твор на 70% мае дакументальную аснову. Пісьменнік абапіраўся на дакументы, успаміны нашчадкаў падпольшчыкаў, матэрыялы з сямейных архіваў.

Канстанцін Нілаў – аўтар 14 кніг, лаўрэат рэспубліканскай прэміі «Залаты Купідон», якую ён атрымаў за цыкл песень «Вянок Беларусі».

У намінацыі «Літаратура для дзяцей» адзначана кніга Тамары Красновай-Гусачэнка «Край родны, любімы». Гэта выданне можна назваць дзіцячай энцыклапедыяй, невыпадкова яно ўвайшло ў школьную праграму па пазакласным чытанні для дзяцей малодшага ўзросту. У кнізе можна знайсці адказы на розныя пытанні, даведацца шмат цікавага пра поры года, народныя і хрысціянскія святы, звяроў і птушак, пра правільнае вымаўленне слоў і г. д.

"Віцебскія весці"