Сталі вядомы імёны ўладальнікаў прэмій Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва

Стали известны имена обладателей премий Витебского облисполкома за высокие творческие достижения в области культуры и искусства
У Віцебску ўшанавалі прафесіяналаў, якія насычаюць наша жыццё яркімі эмоцыямі, сустрэчамі з выдатным. Гэта работнікі сферы мастацтва і культуры. Усе яны выбралі сабе прафесіі па пакліканні душы.

На жаль, вялікіх матэрыяльных даброт ім праца не прыносіць, але, па агульным прызнанні, дае значна больш – радасць творчасці. На культурнай ніве Віцебшчыны працуе больш за 9 тыс. чалавек, многія з іх годныя знакаў адрознення. Вылучыць сярод творчай эліты лепшых нялёгка, тым не менш яны былі вызначаны і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Ушанаванне праходзіла ў залах абласной бібліятэкі і пачалося з адкрыцця экспазіцыі дажыначных снапоў і караваяў, якія былі прадстаўлены на абласным свяце хлебаробаў у Дубровне. Калі ў сталіцы цяперашніх «Дажынак» убачылі гэтыя вырабы, многія з якіх можна смела назваць творамі мастацтва, вырашылі, што яны годныя прэстыжных выставачных залаў. І першым стаў бібліятэчны.

Работы народных майстроў і кулінараў можна будзе паглядзець на працягу двух тыдняў. А паглядзець сапраўды варта! Самымі маляўнічымі ў выніку снапамі прызнаны дубровенскі, браслаўскі і віцебскі, а караваямі – докшыцкі і глубокскі. Іх аўтары атрымалі дыпломы першай ступені. Таксама вызначылі пераможцаў конкурсу тэматычных тэатральных пляцовак брэндаў раёнаў і гарадоў у рамках «Славянскага базару ў Віцебску». Сярод лепшых – Бешанковіцкі, Лёзненскі і Дубровенскі раёны, а Гран-пры прысуджаны Полацкаму.

Галоўныя ўзнагароды – прэміі аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва – уручыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

– Прызнаюся, што самымі шчаслівымі для мяне былі гады працы ў культуры, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч і адзначыў, што ўлады імкнуцца матэрыяльна падтрымаць гэту сферу.

У прыватнасці, ён назваў установы культуры ў Дубровне, якія прывялі ў парадак у рамках падрыхтоўкі да «Дажынак», абноўленую школу мастацтваў у Коханаве Талачынскага раёна, на адкрыцці якой ён пабываў днямі, рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў Росанах, іншыя значныя аб'екты. Асаблівыя словы падзякі кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці выказаў ветэранам, яны занялі ў зале ганаровыя першыя месцы.

Прэміямі аблвыканкама ўзнагароджаны работнікі галіны ў васьмі намінацыях. Лепшым артыстам філармоніі прызнана вакалістка Алёна Папко, артыстам тэатра – Яўген Гусеў, які працуе ў трупе Беларускага тэатра «Лялька». За педагагічныя дасягненні адзначана настаўніца наваполацкай дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага Інна Шыпіла. Прэміі таксама атрымалі загадчыца навукова-асветніцкага аддзела абласнога краязнаўчага музея Алена Зорына, загадчыца аддзела культурна-масавай работы Цэнтра культуры «Віцебск» Вера Чашчыхіна, майстар Шумілінскага раённага Дома рамёстваў Наталля Сцержанкова, загадчыца аддзела абласной бібліятэкі Наталля Пугачова. У намінацыі «Лепшы арганізатар платных паслуг насельніцтву» ўзнагароджана дырэктар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Жвікава.

Усе лаўрэаты вызначыліся ў сваіх сферах дзейнасці. Так, Алена Зорына з'яўляецца аўтарам некалькіх адукацыйных і сацыяльных праектаў, у прыватнасці, абласнога свята-конкурсу мастацтва і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Сонечны свет для ўсіх», сацыяльнай рэабілітацыі онказаболеных «Міласэрнасць», розных навукова-асветніцкіх праграм і пазнавальных квэстаў. Запамінальныя вобразы стварыў на сцэне тэатра лялек Яўген Гусеў, а Наталля Пугачова падрыхтавала некалькі метадычных распрацовак для бібліятэк вобласці.

Шэраг культработнікаў узнагароджаны ганаровымі граматамі аблвыканкама, аблсавета, міністэрстваў культуры і адукацыі, падзякамі кіраўніка вобласці. Творчым падарункам людзям, якія ўмеюць рабіць прыгожыя святы, стала выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці Гарадоцкага раёна, які славіцца сваімі талентамі.

"Віцебскія весці".