Сталі вядомыя імёны лаўрэатаў прэмій абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва

Напярэдадні Дня культуры, які адзначаецца сёлета 10 кастрычніка, сталі вядомы імёны лаўрэатаў прэмій абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.

У намінацыі ”Найлепшы артыст філармоніі“ адна прэмія ў памеры 20 базавых велічынь прысуджана артысту-вакалісту Віцебскай абласной філармоніі Сяргею Белавусаву.

У намінацыі ”Найлепшы артыст тэатра“ прэмію ў такім жа памеры атрымае артыст Беларускага тэатра ”Лялька“ Валерый Зімніцкі.

За педагагічныя дасягненні прэміяй у памеры 10 базавых велічынь адзначаны выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксандр Кандрацюк і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Алена Максімава.

У такім жа памеры прэмія прысуджана ў намінацыі ”Найлепшы музейны работнік“ навуковым супрацоўнікам мастацка-этнаграфічнага музея імя Я. Драздовіча Іне Пучынскай і Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзіміру Мірончыку. А таксама прызнаны найлепшымі майстрамі традыцыйных рамёстваў метадыст-майстар Докшыцкага раённага Дома рамёстваў Віктар Гарбачоў і кіраўнік гуртка Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Васіль Сіманковіч.

У намінацыі ”Найлепшы бібліятэчны работнік“ прэмію атрымаюць дырэктар Бешанковіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Курмель і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Дубровенскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея Дударава.

Найлепшым арганізатарам платных паслуг насельніцтву прызнаны дырэктар Цэнтра культуры ”Полацк“ Дзмітрый Грыневіч. Памер прэміі – 20 базавых велічынь.

Па 10 БВ атрымаюць пераможцы ў намінацыі ”Найлепшы клубны работнік“ – балетмайстар Глыбоцкага гарадскога Дома культуры Маргарыта Цветнікава і рэжысёр народнага тэатра раённага цэнтра культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна Яўген Набееў.

"Віцебскія весці"