Стала вядома, калі ў Віцебску адкрыюцца перад навагоднія кірмашы і дзе будуць працаваць ёлачныя базары

Калі ў вітрынах крам запальваюцца першыя рознакаляровыя гірлянды і ілюмінацыя пачынае мільгацець на гарадскіх вуліцах, жыхароў Віцебска ахоплівае асаблівы настрой. У чарадзе штодзённых клопатаў яны ўспамінаюць, што не за гарамі Новы год, які абяцае шчаслівыя жыццёвыя павароты. Пачынаецца ні з чым непараўнальнае чаканне свята.

Першыя знакі аб набліжэнні цуду нам пасылаюць аб'екты гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Пераўтвараюцца іх фасады і вітрыны, змяняецца выкладка тавараў, у асартыменце становіцца больш і больш тавараў навагодняй тэматыкі. Гэта стане заўважна ўжо з бліжэйшых выхадных. Праводзяцца распродажы па зніжаных цэнах, рэкламныя акцыі з прадастаўленнем скідак на тавары і паслугі, а таксама выставы-продажы – толькі паспявай адсочваць.

Распараджэнне аб забеспячэнні арганізатарамі гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання арганізацыі і правядзення падобных мерапрыемстваў выдадзена гарвыканкамам.

Згодна з ім з 12 снежня па 7 студзеня на Пралетарскай плошчы штотыднёва па выхадных днях з 9.00 да 14.00 будуць праходзіць гарадскія кірмашы па продажы нехарчовых і харчовых тавараў з удзелам сельгасвытворцаў, арганізацый прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання.

З 19 снежня будуць арганізаваны ёлачныя базары ў 16 кропках горада. Па традыцыі яны размесцяцца на Полацкім, Смаленскім, Паўднёвым рынках; Пралетарскай плошчы; ля гандлёвых цэнтраў «GREEN», «ГИППО», «ТриО», «Евроопт» (праспект Маскоўскі, 45/1 і 130); ля крамы «Веста» на праспекце Перамогі; ля «Добронома» на вуліцы Праўды, 64а; ля «Віцебскіх прадуктаў» на Смаленскай; на скрыжаванні праспекта Фрунзе і вуліцы Смаленскай; на вуліцах Міра, 44, Цітова, 113 і Чкалава ля прыпынку «Юг-7». Тут можна будзе набыць пухнатую жывую сасну альбо ёлачку.