Старажытная і сучасная камерная музыка загучыць сёння ў Полацку
Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі адкрываецца сёння ў Полацку, паведамілі БЕЛТА ў Сафійскім саборы, на базе якога і адбудзецца мерапрыемства.
Фестываль, прысвечаны 30-годдзю канцэртнай залы, адкрыецца XXVI раз і будзе праходзіць на працягу паўтара месяца. Аматараў музыкі чакаюць сустрэчы з выдатнымі выканаўцамі з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Францыі, Ізраіля, Аргенціны і Кубы. Ужо па традыцыі адкрыюць фестываль калектывы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь: сімфанічны аркестр і акадэмічны хор. Таксама ў канцэрце возьмуць удзел вядучыя літоўскія салісты Рамінта Вайцескаўскайтэ, Альгірдас Янутас, народны артыст Літвы Уладзімірас Пруднікавас.
Адзін з лепшых камерных калектываў Расіі Дзяржаўны струнны квартэт імя М.І. Глінкі і Юрый Медзянік, унікальны музыка-мультыінструменталіст, які непаўторна грае на скрыпцы, баяне і бандонеоне (нацыянальным аргенцінскім інструменце), 10 красавіка падораць слухачам незвычайную праграму "Музыканты ўсміхаюцца".
Красавіцкія сустрэчы пазнаёмяць слухачоў з творчасцю смаленскага ансамбля гітарыстаў "Аmicus", Капэлай хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ігрой выдатнага піяніста заслужанага артыста Беларусі Юрыя Гільдзюка і вядомага скрыпача заслужанага артыста Расіі Сцяпана Яковіча. Эфектную праграму з твораў яркіх прадстаўнікоў музыкі Францыі XVII-XX стст. выканае французскі арганіст П'ер Жыво.
Не менш яркімі абяцаюць быць канцэрты і ў маі. Так, 6 мая адбудзецца канцэрт у рамках Сусветнага дня аргана, прысвечанага 850-годдзю Notre Dame de Paris. Арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і Камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава ў гонар гэтай падзеі выканаюць шэдэўры арганнай класікі, музыку кампазітараў, якія служылі ў розныя гады арганістамі Notre Dame de Paris, лепшыя творы для аргана і камернага аркестра. 10 мая прысвечана джазу і мюзіклу.
Вечар раманса ў выкананні салістаў і Дзяржаўнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Г. Шырмы збярэ прыхільнікаў вакальнай музыкі 16 мая, а на наступны дзень адбудзецца гала-канцэрт трох вядучых салістаў сусветнай опернай сцэны Давіда Гвініанідзэ, Сяргея Плюсніна і Юрыя Зальцмана. Іх выступленне стане данінай таленту вялікага артыста і выканаўцы Мусліма Магамаева.
Фінальны акорд фестывалю - канцэрт "Лацінаамерыканскія эстампы" прагучыць 18 мая ў Міжнародны дзень музеяў. У гэты вечар бліскучы кубінскі піяніст-віртуоз Луіс Луго ў суправаджэнні аргенцінскай спявачкі Джэсікі Мілнер прадставіць у Сафійскім саборы класічныя ўзоры папулярных лацінаамерыканскіх мелодый і аргенцінскага танга. Унікальнае спалучэнне афракубінскай харызмы, стыхійнай моцы і еўрапейскага акадэмізму ператварылі Луіса Луго ў аднаго з самых яркіх і самабытных лацінаамерыканскіх піяністаў.