Старадаўнія рэцэпты беларускай нацыянальнай кухні захоўваюць кулінары на Міёршчыне
Клуб нацыянальнай кухні «Цвецінскія прысмакі» на Міёршчыне гасцінна сустракае гасцей.
– Людзі расказваюць: жыла ў вёсцы Метлы нейкая Агашка, і гатавала яна самую смачную зацірку, якую так і назвалі агашкінай, – тлумачыць загадчыца Цвецінскага сельскага Дома культуры, кіраўнік клуба нацыянальнай кухні Зінаіда Кадушка і прапануе паспрабаваць страву, прыгатаваную па старадаўнім рэцэпце.
На стале, які накрылі да прыезду гасцей, і наліснікі, і дранікі, і хварост, і блінчыкі з яблыкамі. Гатаваць цвецінскія жанчыны ўмеюць, у кожнай сям'і ёсць свае кулінарныя сакрэты.
– Раней амаль ва ўсіх дамах сыры рабілі, сёння мала хто гэтым займаецца, але ў клубе мы стараемся захаваць старыя рэцэпты. Хатняе заўсёды смачней, і сыр, і хлеб, – кажа Зінаіда Кадушка.
Афіцыйна клубу нацыянальнай кухні ў аграгарадку Цвеціна каля двух гадоў, хоць і раней у Доме культуры ладзілі чаяванні, накрывалі сталы. Клопатаў у сельскіх жыхароў хапае, але яны заўсёды знаходзяць час, каб сабрацца разам, паспець, арганізаваць свята для аднавяскоўцаў. Мамы прыводзяць дзяцей, тыя растуць і прыходзяць са сваімі дзецьмі. Зінаіда Кадушка, якая працуе ў ДК 28 гадоў, расказвае пра сям'ю Саковіч. Мастацкай самадзейнасцю займалася Валянціна з мужам Іванам, а потым стала спяваць іх дачка Святлана, цяпер унукі падрастаюць, таксама, відаць, будуць артыстамі.
Гасціннасць у крыві тутэйшых жыхароў. Праводзяць культработнікі святы вёсак, вуліц, людзі абавязкова прыходзяць з пачастункамі. Вёскамі збіраюцца на Масленіцу, пякуць бліны. Зінаіда Кадушка са сваімі памочнікамі стараецца адрадзіць старажытныя абрады: дажынкі, каляды. У старажылаў распытваюць, чым гасцей частавалі на хрэсьбіны, якія песні спявалі гаспадару на зажынкі, якія стравы ставілі на стол на Арэхавы Спас.
Назва клуба напрошвалася сама сабой – «Цвецінскія прысмакі». Стравы гаспадынь з Мёрскага раёна адзначыла журы абласнога свята нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі». Відаць, вельмі спадабалася знаўцам беларускай кухні «Агашкіна зацірка».
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"