Старасвецкі баль збярэ 2 сакавіка моладзь Наваполацка

25 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Старасвецкі баль збярэ 2 сакавіка моладзь Наваполацка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкама. Месцам правядзення першага гарадскога балю, арганізаванага ў лепшых традыцыях падобных мерапрыемстваў, што праводзіліся ў XVIII-XIX стагоддзях, стане Наваполацкі Палац шлюбаў, размешчаны ў маляўнічым месцы і найбольш прыдатны для гэтых мэт па сваім антуражы. Апранутыя дзяўчаты са складанымі прычоскамі і ў элегантных вячэрніх сукенках прыбудуць сюды ў суправаджэнні бліскучых кавалераў. На ўваходзе маладых людзей сустрэне імпазантны швейцар, а весці мерапрыемства, як і належыць, будзе не менш эфектны цырымоніймайстар. Гэтак жа, як і некалькі стагоддзяў таму, баль стане для юнакоў і дзяўчат цудоўнай магчымасцю прадэманстраваць свае манеры, уменне весці гутарку, танцаваць вальс, кадрыль або паланез. Адзіным, што не дазволіць моладзі ў гэты цудоўны вечар цалкам забыць пра час, стане журы, члены якога, замест строгіх бацькоў ці цётак, будуць сачыць за паводзінамі маладых людзей, каб у канцы балю назваць лепшую пару. Мерапрыемства арганізавана ў рамках правядзення Года моладзі, які аб'яўлены ў 2011 годзе ў Наваполацку. Дапамогу Наваполацкаму гарвыканкаму аказалі грамадскія арганізацыі, вясельныя салоны горада. Актыўна рыхтаваліся і самі маладыя людзі, якія на конкурснай аснове цэлы месяц з прылежаннем наведвалі танцавальныя майстар-класы. У выніку з больш чым 70 прэтэндэнтаў толькі 20 лепшых пар атрымалі запаветнае запрашэнне на баль. Цікавасць, праяўленая да гэтага мерапрыемства моладдзю, грамадскасцю і мясцовымі органамі ўлады, дазваляе ўжо сёння гаварыць аб тым, што ў далейшым яно стане штогадовым, адзначылі ў гарвыканкаме. Галоўнай мэтай правядзення Года моладзі ў Наваполацку з'яўляецца выхаванне грамадзянскай адказнасці ў маладых людзей, развіццё іх творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу, актыўнае прыцягненне да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у горадзе. На працягу года для юных навапалачан пройдуць больш за сотню разнастайных мерапрыемстваў, абласных і рэспубліканскіх акцый. Акрамя таго, у Год моладзі гарадскія ўлады маюць намер адкрыць гарадскі цэнтр занятасці моладзі, садзейнічаць другаснай занятасці школьнікаў і студэнтаў, рэалізаваць іншыя праекты, што спрыяюць прышчэпліванню моладзі культуры здаровага ладу жыцця, павагі да сямейных каштоўнасцей.-0-