Старшакласнікі з 27 рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыедуць у Полацк на саюзную алімпіяду
21 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 160 навучэнцаў старэйшых класаў з 27 рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыедуць у Полацк для ўдзелу ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела адукацыі Полацкага гарвыканкама Пётр Апановіч.
Цырымонія адкрыцця алімпіяды пройдзе 26 кастрычніка. А ўжо на наступны дзень пачнуцца творчыя спаборніцтвы. Хлопцам і дзяўчатам будзе прапанавана напісаць эсэ, выканаць комплексную работу па рускай мове і літаратуры, паспаборнічаць у конкурсе знаўцаў гісторыі і аратарскім майстэрстве.
Пераможцаў назавуць 31 кастрычніка. Журы, у склад якога ўвойдуць навукоўцы-філолагі і школьныя настаўнікі з Беларусі і Расіі, вызначыць шэсць каманд-прызёраў і трох найлепшых школьнікаў у асабістым спаборніцтве. Заахвочвальныя прызы атрымаюць таксама пераможцы асобных этапаў алімпіяды.
Першая алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы прайшла ў Гомелі ў 2004 годзе, затым Гомель стаў яе сталіцай у другі раз - у 2006 годзе. Наступную алімпіяду сустракаў Смаленск у 2008 годзе, і з гэтага часу яна стала штогадовай. -0-