Старшакляснікі Наваполацка вывучылі працу гарадскіх чыноўнікаў
Навучэнцы філолага-грамадствазнаўчага напрамку ДУА "Ліцэй г.Наваполацка" сёння наведалі экскурсію ў гарадскім выканаўчым камітэце і пагутарылі з кіраўніцтвам горада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Алег Буевіч.
Наведванне гарадскога выканаўчага камітэта ў якасці спецпрыза атрымаў танцавальны калектыў 10 "Д" класа, якім на гарадскім вечары вальса была прадстаўлена жыццесцвярджальная, напоўненая пазітыўнай энергіяй кампазіцыя "Жыццё - гэта ўсё...". Каля 20 чалавек сёння сталі гасцямі дзяржаўнай установы. Хлопцы пабывалі ў кабінеце старшыні гарвыканкама, пацікавіліся ў Дзмітрыя Дзямідзіна, якія пытанні ён вырашаў на працягу дня, і заручыліся падтрымкай гораданачальніка ў прасоўванні сваіх ініцыятыў па паляпшэнні гарадскога асяроддзя і вырашэнні жыццёвых праблем насельніцтва.
Акрамя гэтага, школьнікі жыва цікавіліся сферай дзейнасці намесніка старшыні па сацыяльных пытаннях, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, кіраўніка землеўпарадкавальнай службы. "Старшакласнікі задавалі канкрэтныя пытанні: колькі ў горадзе пенсіянераў і колькі людзей працуе. Атрымаўшы адказы, шчыра здзівіліся, што нават у такім маладым горадзе, як Наваполацк, на 51 тыс. занятых прыходзіцца 28 тыс. людзей пенсійнага ўзросту", - распавёў Алег Буевіч. Таксама маладыя людзі цікавіліся развіццём спорту і турызму, пыталіся, ці шмат сярод
гарадскіх чыноўнікаў моладзі, і якая тут зарплата. Школьнікі пабывалі ў залах пасяджэнняў, прымяралі на сябе крэслы прэзідыума. Цікавасць у іх выклікала тэма супрацоўніцтва з гарадамі-пабрацімамі, гербы якіх размешчаны ў адным з залаў гарвыканкама. Даведаўшыся пра тое, што неўзабаве ў Наваполацку чакаюць гасцей з Сербіі, дзеці прапанавалі размясціць членаў дэлегацыі ў сваіх сем'ях. Былі закрануты і пытанні дзейнасці заканадаўчай улады, прычым не толькі гарсавета, але і Палаты прадстаўнікоў. "Дзеці былі вельмі зацікаўлены, задавалі шмат пытанняў і расказалі пра свае планы наведаць беларускі парламент, а таксама падзяліліся марай здзейсніць экскурсію ў Адміністрацыю Прэзідэнта", - расказаў намеснік старшыні выканкама. Скончылася экскурсія ў гарвыканкам сумесным чаяваннем за салодкім сталом. "Гэтая сустрэча прайшла на пазітыўнай хвалі. Яна была вельмі прыемнай і карыснай як для дзяцей, так і для чыноўнікаў гарвыканкама", - рэзюмаваў Алег Буевіч і дадаў, што гарадскія ўлады адкрыты для зносін і зацікаўлены ў дыялогу з жыхарамі нафтаграда.Алена Ціханава, БЕЛТА.