Стартавала праца па падрыхтоўцы да правядзення абласнога конкурсу па прысвойванні ганаровага звання ”Чалавек года Віцебшчыны“

Пачалася работа па падрыхтоўцы да правядзення абласнога конкурсу па прысваенні ганаровага звання ”Чалавек года Віцебшчыны“, парадак якога вызначаны рашэннем Віцебскага аблвыканкама.

Сярод асноўных крытэрыяў прысваення ганаровага звання – значнасць, актуальнасць, эфектыўнасць вынікаў дзейнасці, вытворчыя паказчыкі, прафесійныя і дзелавыя якасці кандыдатаў. Акрамя гэтага, пры падборы прэтэндэнтаў абавязкова ўлічваюцца даныя аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, аб адсутнасці або наяўнасці судзімасці.

Кандыдаты на перамогу вызначаюцца па выніках працы на працягу года. Дакументы на іх вылучэнне прымаюцца ў гаррайвыканкамах па тэрытарыяльным прынцыпе да 31 снежня бягучага года ўключна. У далейшым удзельнікі пройдуць праз адборнае «сіта», у выніку чаго вызначацца 50 пераможцаў. Ім будзе прысвоена ганаровае званне з уручэннем спецыяльнага дыплома і выплатай грашовай узнагароды.

Прафесійныя заслугі лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў, арганізацый, устаноў з усіх рэгіёнаў вобласці адзначаць у 5 намінацыях: «Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес», «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка», «Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі», «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)», «Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый».

Дарэчы, конкурс праводзіцца штогод з мэтай стымулявання творчай працы, прапаганды інавацыйных ідэй, перадавога вопыту. Ён прызваны падкрэсліць каштоўнасць заслуг і дасягненняў жыхароў вобласці і іх уклад у агульную справу развіцця рэгіёна. За ўсю гісторыю ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» ўдастоены тысяча чалавек. Прысвойваецца, як правіла, толькі аднойчы, але апраўдваюць яго лаўрэаты з дня ў дзень.

Імёны найлепшых прадстаўнікоў рэгіёна назавуць у лютым 2020-га. Па традыцыі білборды з іх фотаздымкамі на працягу года будуць упрыгожваць населеныя пункты Віцебшчыны.

Уся падрабязная інфармацыя аб конкурсе размешчана на афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкама у раздзеле ”Конкурсы“ / ”Чалавек года Віцебшчыны“.

Вольга БУЛАВКА,
галоўны спецыяліст 
галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы
і па справах моладзі 
Віцебскага аблвыканкама.

 

Фота: з архіва БЕЛТА.