Статус інвестагента прысвоены Віцебскаму інкубатару малога прадпрымальніцтва

3 чэрвеня, Мінск /Наталля Вербіцкая - БЕЛТА/. Паўнамоцтвы інвестыцыйнага агента па пытаннях прыцягнення ў Беларусь інвестыцый прадастаўлены інкубатору малога прадпрымальніцтва таварыству з абмежаванай адказнасцю Прававая група "Закон і Парадак" (Віцебск). Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №831, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна. Паўнамоцтвы прадастаўлены ТАА Прававая група "Закон і Парадак" у адпаведнасці з дагаворам аб прадстаўленні інтарэсаў Беларусі па пытаннях прыцягнення ў краіну інвестыцый. Згодна з пастановай №831, адказным за ўзаемадзеянне з інкубатарам малога прадпрымальніцтва пры рэалізацыі гэтага дагавора вызначаны Віцебскі аблвыканкам. Нагадаем, інстытут інвестыцыйнага агента ўведзены ў Беларусі ўказам №413 ад 6 жніўня 2009 года. Гэты крок прыняты ў мэтах удасканалення арганізацыйных форм работы з замежнымі і нацыянальнымі інвестарамі і далейшага павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Рашэнне аб упаўнамачванні інвестыцыйнага агента на прадстаўленне інтарэсаў Беларусі прымаецца ўрадам. Прапанова аб вызначэнні канкрэтнай асобы інвестыцыйным агентам можа быць унесена ў Савет Міністраў любым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншай дзяржарганізацыяй, а таксама абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам на падставе звароту патэнцыйнага інвестыцыйнага агента.-0-