Статус цэнтра трансферу тэхналогій прысвоены Віцебскаму бізнес-цэнтру
18 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" атрымала статус цэнтра трансферу тэхналогій, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Леанід Шур.
Для атрымання статусу бізнес-цэнтр падрыхтаваў праект камерцыялізацыі інавацый, які прайшоў экспертную ацэнку і зацверджаны калегіяй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі. Бізнес-цэнтр як суб'ект інавацыйнай інфраструктуры плануе аказваць дапамогу навуковым арганізацыям, ВНУ і прадпрыемствам навукова-тэхнічнай сферы ў пошуку бізнес-партнёраў, гатовых укараняць распрацоўкі інаватараў у вытворчасць, ствараць умовы для ўзаемадзеяння інаватараў і інвестараў па камерцыялізацыі навукова-тэхнічнай дзейнасці. Акрамя таго, Віцебскі бізнес-цэнтр гатовы аказваць дапамогу па стварэнні інавацыйных прадпрыемстваў, суправаджаць здзелкі з правамі на вынікі інавацыйнай дзейнасці.
Атрыманне статусу цэнтра трансферу тэхналогій дазволіць Віцебскаму бізнес-цэнтру прымаць удзел у распрацоўцы і рэалізацыі галіновых і рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў, а таксама больш поўна выкарыстоўваць патэнцыял цэнтра ў навукова-даследчай і інавацыйнай сферах. З'яўленне першага ў Віцебскай вобласці цэнтра трансферу тэхналогій павінна спрыяць ажыўленню ў рэгіёне інвестыцыйнай і інавацыйнай актыўнасці, упэўнены Леанід Шур.
Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" утвораны ў 1994 годзе. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці бізнес-цэнтра з'яўляюцца садзейнічанне ў прыцягненні інвестыцый у Віцебскую вобласць, у стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў, а таксама стымуляванне прыватнай ініцыятывы.-0-