Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 13 ліпеня павышаецца з 18 да 20% гадавых

11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 13 ліпеня 2011 года павышаецца з 18 да 20% гадавых. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.

Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб павышэнні з 13 ліпеня 2011 года стаўкі рэфінансавання з 18 да 20% гадавых, адзначылі ва ўпраўленні. Дадзеная мера рэалізавана ў рамках правядзення паслядоўнай працэнтнай палітыкі, накіраванай на паступовае павышэнне агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы ў мэтах садзейнічання абмежаванню інфляцыі і стымуляванню зберагальных працэсаў у краіне.

Планомернае павышэнне працэнтных ставак будзе садзейнічаць узмацненню прывабнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках, умацаванню курса нацыянальнай валюты і тым самым росту даверу да яе з боку ўсіх эканамічных агентаў. Пры гэтым паступовасць павышэння стаўкі дазваляе ўлічваць інтарэсы заёмшчыкаў, якія ўжо маюць крэдытную запазычанасць перад банкамі, падкрэслілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

Апошні раз стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі павышалася 22 чэрвеня з 16 да 18%.-0-