Стаўкі арэнднай платы ў Віцебскай вобласці з пераходам на новыя арэндныя адносіны не змяніліся
2 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Стаўкі арэнднай платы па дагаворах арэнды аб'ектаў камунальнай уласнасці ў Віцебскай вобласці не зазналі значных змяненняў у параўнанні з узроўнем мінулага года. Такія вынікі студзеньскага маніторынгу змянення арэнднай платы паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара абласнога тэрытарыяльнага фонду "Віцебскаблмаёмасць" Святлана Лукашэвіч.
Маніторынг арэнднай платы праводзіцца ў сувязі з пераходам з 1 студзеня на адзіны падыход да фарміравання ставак арэнднай платы, які прадугледжаны ўказам № 518 "Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю". Інфармацыя па дагаворах арэнды, перазаключаных у студзені, сведчыць аб адсутнасці тэндэнцыі да павелічэння ставак арэнднай платы. Арэндадаўцы не дэманструюць зацікаўленасці ў пагаршэнні ўмоў для арандатараў і не імкнуцца значна павысіць стаўкі, адзначыла Святлана Лукашэвіч. Фонд "Віцебскаблмаёмасць" арганізаваў кампанію па тлумачэнні новых арэндных адносін, семінары з удзелам спецыялістаў фонду праводзяцца, у тым ліку, у раённых цэнтрах.
Цяпер працэс перазаключэння дагавораў арэнды працягваецца. У ходзе маніторынгу спецыялісты будуць звяртаць асаблівую ўвагу на працэс фарміравання ставак арэнднай платы пры здачы ў арэнду гандлёвых месцаў на рынках і гандлёвых аб'ектаў у гандлёвых цэнтрах незалежна ад формы ўласнасці аб'екта.
У 2009 годзе ў Віцебскай вобласці ад здачы ў арэнду аб'ектаў камунальнай уласнасці ў бюджэт паступіла больш за Br12 млрд. -0-