Стэла ў памяць пра татараў, якія вызвалялі Беларусь, адкрыецца ў Віцебскім раёне

22 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэлегацыя Рэспублікі Татарстан (Расійская Федэрацыя) прыме ўдзел у адкрыцці стэлы ў памяць аб татарскіх воінах, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і загінулі на яе тэрыторыі. Урачыстая цырымонія пройдзе 25 ліпеня ў Віцебскім раёне, недалёка ад вёскі Здраўнёва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Віцебскага райвыканкама Андрэй Мураўёў. У складзе дэлегацыі Татарстана - больш за 100 чалавек: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, сваякі загінуўшых салдат, афіцыйныя асобы. Яны прыедуць аддаць даніну памяці сваім землякам, якія ў лютым 1943 года перайшлі на бок партызан і ў далейшым ваявалі на баку 1-й Віцебскай партызанскай брыгады. Ініцыятыва ўвекавечання іх памяці належыць татарскаму боку. Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны захоўвае яшчэ нямала невядомых старонак. Адна з іх звязана з Валжска-татарскім легіёнам (легіён "Ідэль-Урал") - падраздзяленнем вермахта, якое складалася з прадстаўнікоў паволжскіх народаў СССР: татар, башкір, марыйцаў, мардвы, чувашоў, удмуртаў. Батальёны легіёна не праяўлялі высокай баяздольнасці, бо частка завербаваных супраць сваёй волі салдат дэзерціравала або пераходзіла на бок Савецкай Арміі. Першая паспяховая спроба была зроблена ў лютым 1943 года ў 825-м Валжска-татарскім батальёне, які нёс ахоўную службу ў Віцебскім раёне. У гэтым батальёне яшчэ з 1942 года дзейнічала падпольная група, з якой усталявалі сувязь партызаны Віцебска. У выніку 23 лютага 1943 года больш за 800 чалавек з 6 супрацьтанкавымі гарматамі, 100 кулямётамі і іншым узбраеннем перайшлі на бок партызанскай брыгады. Гісторыкам пакуль удалося ўстанавіць імёны 100 патрыётаў.-0-